600 тысяч дармаедаў

Скарынаўская Біблія. Ілюстрацыя да кнігі «Рут»

1. Мячы на аралы

Біблія заклікае цешыцца працай. «Ты будзеш есьці ад працы тваіх рук, дабрашчасны ты і добра табе» (Псальм 127). Работа ў Старым Запавеце —неад’емная частка людзкога жыцьця. Настолькі неад’емная, што яна ня скончыцца нават на «заканчэньні дзён», пра якія кажа прарок Ісая. Калі народы, адкінуўшы свае абавязкі і заняткі, падымуцца на Гасподнюю гару, дзе іх чакацьме апошні суд, — нават у такіх экстрэмальных умовах чалавецтву давядзецца закасаць рукавы. «Перакуюць мячы на аралы, і дзіды свае — на сярпы» (Ісая 2:4). То бок, паміраць памірай, а пашаньку засявай.

Але гэта ня дзіўна. Яшчэ на пачатку дзён узорны дармаед Адам ня соваўся бяз справы: «Узяў Госпад Бог чалавека, якога стварыў, пасяліў у садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго» (Быцьцё 2:16). У даважак Усявышні стварыў новасьпечанаму садоўніку каляжанку — сам Адам з плянтацыямі экзатычных дрэваў рады ня даў бы.

Праўда, тая праца няцяжкая. Гэтаму зарука плоднасьць саду і воднае багацьце. У Эвы нават заставаўся час і змога наведваць марксісцкія лекцыі Зьмея, а таксама ладзіць кравецкую майстэрню пашыву апаяскаў з лістоты.

2.Чалавек намётаў

Прыемная і ў чымсьці ганаровая праца ў Эдэме стала поўнай процівагай катарзе, якая чакала чалавецтва на зямлі. Гледзячы на людзей, якія выжыльваюцца, каб выжыць, у поце чала свайго, Госпад яшчэ доўгія стагодзьдзі не адкрые ім нябеснага вучэньня. Ні Адаму, ні Эве, ні іхнім дзеткам — Каіну і Авэлю. Ні іхнім нашчадкам, працаўнікам караблебудаўнічай кампаніі «Ной і сыны», перад якімі пастаўлены нялітасьцівыя дэдлайны.

Нават прабацькам і прамацерам — Аўрагаму, Сары, Ісааку і Рэвэцы даступныя толькі драбкі Божых законаў. Адна з прычын — зануранасьць людзей у штодзённыя клопаты.

Дарэчы, прыклад братоў-блізьнюкоў Эсава і Якава наглядна паказвае слабыя бакі працаголіка. Эсаў, «чалавек спрытны ў ловах, чалавек палёў», ад рана да рана заняты паляваньнем. Якаў, «чалавек рахманы, жыхар намётаў», вядзе хатнюю гаспадарку, абслугоўвае Эсава. Агінаючыся ў цяньку, маючы вольны час, Якаў нясьпешна песьціць плян, як спрытней адняць у брата перавагу першародзтва (вельмі каштоўны прывілей). Седзячы дома і варачы тагачасны боршч, Якаў вырашае згуляць на нястрыманасьці чалавека, які толькі што вызваліўся з доўгай працоўнай зьмены.

«Чырвонага, вось гэтага чырвонага хачу!» — гырчыць, паказваючы на рондаль, зьнясілены і згаладалы Эсаў. Ён цэлы дзень паляваў на зьвера. Ад увіханьняў і голаду цьвярозая развага Эсава сапсавалася, герархія каштоўнасьцяў часова разбурылася: «Вось я паміраю... Што мне з гэтага першародзтва?» За місу чырвонае сачыўкі ён прадае такі дарагі, прэзэнтаваны Ўсявышнім дар.

Праўда, разьняволенаму разумніку Якаву адплацілася. І таксама праз працу. Ужо ўцякаючы ў зямлю Харан ад гневу Эсава, Якаў спыніўся ля студні ў пустэльні. Акрыляўшы ад позірку чароўнай Рахэлі, рахманы Якаў адваліў ад вусьця студні цяжэзны камень, які ссунуць здольныя толькі некалькі мужчын. Гэтак, мімавольна прадэманстраваўшы фізычную моц, Якаў патрапіў на аловак да бацькі Рахэлі, падступнага Лавана. За абяцанкі аддаць Рахэль у жонкі Лаван зацугляў будучага зяця і чатырнаццаць наступных гадоў бессаромна цягнуў з прымака жылы.

Эрколе дэ Рабэрці. Габрэі зьбіраюць манну

3.Дармаедзтва як усьвядомленая неабходнасьць

Упершыню Госпад цалкам адкрывае ўсе сваё законы вольным (ад фізычнай працы) людзям. Гаворка ідзе пра ўцёклых з Эгіпту габрэйскіх рабоў.

Сьпярша Госпад сілком адлучае нявольнікаў ад работы — выгадаваўшы баявітага павадыра і наслаўшы на фараона-працадаўцу дзесяць жахлівых кар. Потым, ужо ў Сынаі, Усявышні спансаруе дармаедзтва. Цягам сарака гадоў шэсьць разоў на тыдзень пасылае шасьцістам тысячам дарослых дапамогу па беспрацоўі — нябесную манну.

Толькі пад голымі зоркамі Сынайскай пустэльні, вызвалены ад катаржных работ і думак пра заўтрашні наедак, народ здатны спасьцігнуць усе глыбіні Боскага адкрыцьця.

Сярод сынайскіх запаветаў Біблія таксама вызначае парадак людзкой працы: «Шэсьць дзён працуй, а ў сёмы дзень спачывай» (Выхад 34:21). І далей бяжыць пералік іншых чырвоных дат календара. Ажно складваецца ўражаньне, што акцэнт у гэтым запавеце зусім не на шэрых буднях. Адчуваецца, Госпада хвалюе вольная часіна падапечных. У гэтыя адметныя дні людзі, зьвёўшы фізычную працу да мінімуму, мусяць заняцца іншай работай — духоўным дасканаленьнем і слаўленьнем вышыняў.

Цяпер сэнс выслоўя парадаксальнага Эклезіяста — «Уся людзкая праца — для рота, а душа чалавека — не насычаецца» — робіцца больш уцямны. Каб думаць пра боскае, патрэбны перапынак ад працоўнай рутыны. Можа, на адзін дзень, а, можа, на сорак гадоў.