Беларускі нацыянальны кангрэс пазыцыянуецца ў фільме БТ-1 «Званок сябру» як «чарговая фэйкавая структура», якая выступіла «ініцыятарам пратэстаў супраць дэкрэту № 3».
«Гэты рэпартаж — другая сэрыя „Жалезам па шкле“. Але калі першая рабілася больш-менш з разуменьнем таго, чаго хочуць яе стваральнікі, то „Званок сябру“ зроблены без аніякага разуменьня, абы выканаць загад, які паступіў зьверху, хутчэй за ўсё з адміністрацыі Лукашэнкі. Абсалютна непрафэсійная праца, наскрозь ілжывая і правакацыйная. Там больш Украіны, чым Беларусі. Нагнятаньне крыві, сьмерці, полымя, дыму, вайны ў Беларусі з мэтай напужаць людзей. „Званок сябру“ — адна з самых адкрыта слабых і адкрыта кан’юнктурных работ, якія былі на беларускім тэлебачаньні».
Някляеў лічыць, што «Званок сябру» можа спалохаць тых удзельнікаў акцый пратэсту, якія не ўваходзяць у склад палітычных і грамадзкіх арганізацый. Людзі, мяркуе палітык, зразумелі, што ўлады сочаць за імі і што магчымыя сур’ёзныя праблемы.
«Той, хто ўжо выйшаў, не спалохаецца гэтай „страшылкі“. Але новыя людзі, якія хацелі выйсьці на пратэсты, паглядзеўшы фільм, могуць і паасьцерагчыся. Ні столькі праз тое, што яны вераць у выбухі, а праз тое, што разумеюць — улада будзе іх пільна адсочваць. Усё вяртаецца на кругі свае. Колькі ні кажы пра дэмакратызацыю, пра эўрапейскі ўплыў, пра палітыку зьменаў праз збліжэньне з Захадам, як ваўка ні кармі — ён усё роўна ў лес глядзіць. Вось і вяртаньне ў 2010 год. Прычым ня толькі на ўзроўні прапаганды, але і ў рэчаіснасьці — арышты і зьняволеньні. Ніхто ні з Захаду, ні з Ўсходу нічога з гэтай уладай ня зробіць. Ніякіх зьменаў ні звонку, ні знутры яна не дапусьціць».