Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: На 15-ы дзень акцыі на будоўлі каля Курапатаў актывісты паступова пачынаюць згортваць лягер. Як кажа ініцыятар акцыі Зьміцер Дашкевіч, «Малады Фронт» упершыню сам згортвае сваю акцыю: «Але агароджа вакол будаўнічай пляцоўкі яшчэ стаіць. Забудоўнік тут працаваць відавочна ўжо ня будзе, а проста стаяць побач з плотам асаблівага сэнсу няма».
Ці зьяўляецца гэта перамогай? Безумоўна перамога няпоўная, але частковай яе можна назваць. Што зьяўлялася б поўнай перамогай, ідэальным рашэньнем для актывістаў абароны Курапатаў і дэмакратычнай супольнасьці? Гэта аднаўленьне законнасьці, таго далёкага status quo. Можна нагадаць, які ланцужок прывёў да цяперашняй сытуацыі.
Першае, што можна было б лічыць перамогай абаронцаў Курапатаў — гэта каб менавіта гэтая незаконная выцягнутая зямля была вернутая зноў у ахоўную зону.
Спачатку была прададзеная з аўкцыёну зямля, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў, потым ужо гэтую зямлю вывялі з ахоўнай зоны. Грамадзтва зьвярнула на гэта ўвагу, але пратэстаў вялікіх не было. Яны зьявіліся, калі цяпер, на гэтай зямлі, якая ўваходзіла ў ахоўную зону, пачалі будаўніцтва. Тады людзі выйшлі і ўсталявалі там лягер пратэсту. Так што першае, што можна было б лічыць перамогай абаронцаў Курапатаў — гэта каб менавіта гэтая незаконная выцягнутая зямля была вернутая зноў у ахоўную зону.
Магчыма нават тут варта правесьці дасьледаваньне пра карупцыйны складнік гэтай гісторыі. Многія кажуць якраз пра тое, што ўсё гэта адбывалася ў значнай ступені незаконна, і магчыма тут завязаныя нейкія матэрыяльна-карупцыйныя інтарэсы. Ну а паколькі праблема ўжо выйшла на грамадзкі і міжнародны ўзровень, то па яе выніках трэба было б правесьці нейкі круглы стол уладаў, адмыслоўцаў, грамадзкасьці, архітэктараў, і вырашыць, што ўсё-такі далей рабіць вакол гэтай ахоўнай зоны, у тым ліку, як можа выглядаць мэмарыял Курапатаў.
Дагэтуль ідуць спрэчкі. Адны лічаць, што пры цяперашняй уладзе ніякага новага мэмарыялу не трэба рабіць, паколькі тое, што зараз ёсьць у Курапатах — мэмарыял народны, ён больш адпавядае сутнасьці, гэта можа найлепшае гістарычна-архітэктурнае рашэньне.
Але ідуць размовы, да якіх далучылася і афіцыйная прэса, перш за ўсё газэта «Советская Белоруссия» на чале з Паўлам Якубовічам, пра тое, што неабходна стварыць нейкі помнік. Мне здаецца, тут таксама будзе істотная кропка сутыкненьня грамадзкасьці і ўлады, калі да ўзроўню канкрэтнага абмеркаваньня дойдзе.
Карбалевіч: Так, я таксама лічу, што гэты канфлікт закончыўся перамогай грамадзкасьці. І тут я зьвязваю адмову ад далейшага будаўніцтва бізнэс-цэнтру на гэтым участку з вяртаньнем Лукашэнкі з Сочы. Глядзіце, як памянялася тактыка ўладаў. Спачатку яны былі на баку забудоўшчыкаў — бойкі з абаронцамі Курапатаў, падазроныя дзеяньні міліцыі.
Як толькі Лукашэнка вярнуўся, дык адразу старшыня Мінгарвыканкаму Шорэц сустрэўся з прадстаўнікамі абаронцаў Курапатаў.
Як толькі Лукашэнка вярнуўся, дык адразу старшыня Мінгарвыканкаму Шорэц сустрэўся з прадстаўнікамі абаронцаў Курапатаў, запэўніў у прыпыненьні будаўніцтва, а потым забудоўшчык адмовіўся ад будаўніцтва.
Пра перамену настрояў уладаў сьведчыць і круглы стол у газэце «Советская Белоруссия» на тэму лёсу гэтага мэмарыялу. Падзея вельмі знамянальная. Галоўная выснова ўдзельнікаў круглага стала палягае ў тым, што, па словах галоўнага рэдактара газэты Якубовіча, «беларускае грамадзтва сасьпела для стварэньня нацыянальнага мэмарыялу смутку і памяці ў Курапатах».
На мой погляд, грамадзтва як раз даўно сасьпела, уся справа ўпіралася ў пазыцыю ўлады, менавіта яна ніяк не магла сасьпець. Прагучала абвінавачваньне на адрас апазыцыі, што яна, маўляў, «прыватызавала» Курапаты, і час гэты мэмарыял «нацыяналізаваць», як сказаў кіраўнік БТ Давыдзька на «Клубе рэдактароў». Але рэч у тым, што дэмакратычная грамадзкасьць менавіта таму бараніла Курапаты і фактычна выратавала мэмарыял, што ўлады ад яго адракліся, фактычна не прызнавалі, ён быў нічыйным.
Сам Якубовіч адзначыў, што гэта ўжо яго другая спроба. Першая была сем гадоў таму. Тады быў праведзены аналягічны круглы стол, на якім гучалі падобныя прапановы. Галоўны рэдактар газэты з шкадаваньнем адзначыў: «Але ўсё гэта як у ваду выцекла. Мы тады зьвярнуліся да менскага аблвыканкаму — трэба добраўпарадкаваць, акультурыць Курапаты, узяць іх пад ахову і т. д. Улада, на жаль, не асоба прыслухалася».
І гэта цалкам заканамерна. Бо «Лінія Сталіна» і праспэкт Дзяржынскага ў Менску, зьяўленьне міністра унутраных справаў Шуневіча ў форме камісара НКВД неяк дрэнна спалучаюцца з мэмарыялам, прысьвечаным ахвярам савецкіх рэпрэсій. Не ўпэўнены, што новая спроба Паўла Якубовіча будзе больш пасьпяховай.
Дракахруст: Я згодны з вашай канчатковай высновай, так, гэта перамога. Таму што калі прыгадаць тую сытуацыю, зь якой гэта ўсё пачыналася, калі забудоўнік увогуле ня бачыў нават праблемы, ня бачыў ніякіх іншых рашэньняў — мы будуем, мы атрымалі такое права. Ну і мы памятаем, што справа даходзіла нават да боек, прычым з боку забудоўніка выкарыстоўваліся нейкія незразумелыя людзі зь незразумелым статусам, але вялікімі кулакамі. І гэта даходзіла да прамога канфлікту.
Тое, што ўсё ж такі мэмарыял удалося адстаяць, прычым ужо і юрыдычнае рашэньне прынятае, што будоўля спыненая — гэта вялікі вынік, посьпех, і ён мае значэньне ня толькі для гэтага мэмарыялу, але і для ўсяго грамадзтва. Тое, што ў гэтым пытаньні ўсё ж такі можна адстаяць сваю пазыцыю, што ёсьць людзі, якія выходзяць на вуліцу, на абарону, і яны перамагаюць — гэта вельмі значны, важны вынік для ўсяго грамадзтва.
Падчас канфлікту, падчас абароны Курапатаў з боку ўладаў гучалі розныя, часам супрацьлеглыя галасы
Мне ўсё ж такі здаецца, што падчас канфлікту, падчас абароны Курапатаў з боку ўладаў гучалі розныя, часам супрацьлеглыя галасы: адны — на круглым стале ў «Советской Белоруссии» і зусім адваротныя — на тэлеканалах, калі там усялякія юныя палітолягі распавядалі, як «анархафашысты» ўчыняюць свой шабаш у Курапатах. І гэта таксама быў голас улады, голас беларускіх афіцыйных СМІ.
І такое ўражаньне складаецца, што справа ня толькі ў тым, дзе там Лукашэнка быў — у Сочы ці ў Менску, а ў тым, што ўнутры самой улады розныя людзі маюць на гэты конт розныя меркаваньні.
Вось вы, Валер, сказалі, што Якубовіч сем гадоў таму зьвярнуўся да ўлады, і яна яго не паслухала, бо яна такая і гэткая. Дык Якубовіч і ёсьць частка ўлады. Так, ня ўся, але, на мой погляд, разьвіцьцё гэтай сытуацыі сьведчыць пра тое, што ёсьць там розныя падыходы.
Зразумела, хутчэй за ўсё гэтыя паводзіны ўрэшце матываваныя палітычна, бо сапраўды ня ўчора ўзьнікла праблема Курапатаў. Але сытуацыя ад пачатку нападу на Курапаты, а потым іх абароны, абвастрыла гэтыя супярэчнасьці, якія ўнутры ўлады існуюць. І вось яны тут проста праявіліся.