Берасьцейскіх удзельнікаў «маршу недармаедаў» караюць арыштамі і штрафамі

Аляксандар Казьлянка

У судзе Ленінскага раёну Берасьця 6 сакавіка пачалі разглядаць адміністрацыйныя справы супраць затрыманых 5 сакавіка прадстаўнікоў анархісцкага руху, якія бралі актыўны ўдзел у «Маршы недармаедаў». Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі і ў перакрыцьці праспэкту падчас акцыі.

Аляксандра Казьлянку пакаралі чатырма суткам арышту за ўдзел у акцыі. Абвінавачаньне ў перакрыцьці праспэкту зь яго зьнялі «за недаказанасьцю віны».

Казьлянка сказаў, што лічыць дэкрэт № 3 антыканстытуцыйным, а сваё права пратэставаць супраць яго — законным.

Сьведкамі на працэсах выступаюць міліцыянты. Адзін са сьведак сказаў, што калі пратэстоўцы перакрывалі праспэкт, то нібыта «адна жанчына ледзь не заехала ў натоўп».

Судзьдзя прагледзеў відэазапісы маршу.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», учора ўвечары ў Берасьці супрацоўнікі міліцыі затрымалі на кватэрах 5 прадстаўнікоў анархісцкага руху. Ноч тыя правялі ў ІЧУ Ленінскага РАУСа.

«На прадстаўнікоў анархісцкага руху пасьля акцыі ўчынілі сапраўднае паляваньне па ўсім горадзе», — піша «Вясна».

6 сакавіка ў Ленінскім судзе Берасьця адбыўся суд над актывістам Андрэем Шарэндам, якога зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай масавай акцыі 26 лютага і ва ўдзеле ў ёй. Шарэнду пакаралі штрафам у 25 базавых велічынь (575 рублёў).

Руслана Халікава пакаралі 5 суткамі арышту.

Дзьмітрыя Леўчука і Андрэя Дзянюшкіна пакаралі 5 суткамі арышту. Анархістаў даставілі ў будынак суду толькі пасьля 17 гадзіны і судзілі амаль да 20:30.