Асаблівасьці і тэндэнцыі берасьцейскага маршу недармаедаў

Берасьце, "Марш недармаедаў"

Працяг пратэстаў у Менску, Гомелі, Магілёве, Віцебску, рэпрэсіі супраць арганізатараў, лідэры-апазыцыянэры. Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Дракахруст: У чарговай акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах, якая адбылася ў гэтую нядзелю ў Берасьці, удзельнічала прыкладна тысяча чалавек. Берасьцейская акцыя стала працягам пратэстаў, якія адбываліся мінулым і пазамінулым тыднем у Менску, Гомелі, Віцебску, Магілёве і іншых гарадах. 26 лютага ў Берасьці таксама адбылася акцыя пратэсту, але адносна малалікая — каля 100 чалавек. У гэтую нядзелю ўдзельнікаў акцыі было ў 10 разоў болей.

У свой час мы з вамі, калі абмяркоўвалі акцыі пратэсту ў 2015-2016 гадах, казалі пра нейкую канстанту іх удзельнікаў — пару соцень чалавек. Прычым тады гэта быў выключна Менск. Магчыма, што цяпер у дачыненьні да акцыяў пратэсту супраць дэкрэту канстанта павялічылася і распаўсюдзілася на ўсё краіну — цяпер у розных гарадах маніфэстуюць ад тысячы да некалькіх тысячаў.

Пры гэтым варта ўлічваць, што і тысяча чалавек не выходзіла на вуліцы Берасьця шмат гадоў, калі не дзесяцігодзьдзяў.

Адна зь берасьцейскіх асаблівасьцяў — ціск і рэпрэсіі супраць патэнцыйных лідэраў пратэстаў. Аляксандра Кабанава затрымалі да маніфэстацыі, спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці за брыдкаслоўе, Андрэй Шарэнда атрымаў адміністрацыйны арышт, Паўла Кінчака міліцыя запалохвала і патрабавала ад яго не хадзіць на марш, Натальлю Папкову прымусова зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь. Напярэдадні акцыі ў Берасьці міліцыя на ўвесь час маніфэстацыі затрымала машыну, у якой ехалі сталічныя палітыкі Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі. Дарэчы, перасьлед удзельнікаў ранейшых падобных маніфэстацыяў пачаўся і ў Віцебску. Але ў Берасьці яны былі бадай што самымі шырокімі.

Тысяча чалавек не выходзіла на вуліцы Берасьця шмат гадоў, калі не дзесяцігодзьдзяў.

Разам з тым у адрозьненьне ад пратэстаў у іншых гарадах старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук уступіў у перамовы з пратэстоўцамі, адбылася іх сустрэча з кіраўніком у актавай залі гарвыканкаму.

Як і ў іншых гарадах Беларусі, на чале пратэстаў у Берасьці апынуліся людзі з апазыцыі ці блізкія да апазыцыі. Так, ня толькі яны, так, гэта не нацыянальныя, часта нават і не рэгіянальныя лідэры партыяў, але гэта не асобы, якія, фігуральна кажучы, выйшлі зь лесу і цудам апынуліся на чале пратэстоўцаў. Кабанаў — чалец АГП, Папкова — у «Маладой Беларусі» і АГП, Шарэнда — з «Эўрапейскай Беларусі», Уладзімер Вуек — старшыня абласной арганізацыі АГП.

І яшчэ адна асаблівасьць берасьцейскага пратэсту — наяўнасьць заўважальнай і гучнай групы анархістаў, як тое было і ў Менску 17 лютага.

Шмат аналітыкаў — і прафэсійных, і канапных — здаецца, зубы зьелі на папроках на адрас апазыцыі: і слабая яна, і кепска арганізаваная. Папрокі не пазбаўленыя рацыі, аднак факт навідавоку. На вуліцы выходзяць не традыцыйныя ўдзельнікі апазыцыйных акцыяў, ня хіпстэры, а прадстаўнікі гушчы і тоўшчы народнай, так бы мовіць. А хто на чале? А тыя самыя, што і раней. Ці зьвязаныя з тымі самымі.

Ці кепска гэта? Ну, зьяўленьне прынамсі новых твараў, а тым больш сілаў — сьведчаньне разьвіцьця. Але цяперашняя сытуацыя — сьведчаньне пэўнай сьпеласьці грамадзтва і палітычнай сыстэмы, як гэта дзіўна ні гучыць. Цяперашнія партыі і палітыкаў не з Вашынгтону ці Масквы завезьлі, вырасьлі на беларускай глебе.

І як паказваюць тыя самыя пратэсты — не такія яны ўжо і далёкія ад жыцьця, ад народу. Існыя палітычныя актывісты хоць напісаць і раскідаць улёткі могуць, хоць ведаюць, дзе здабыць мэгафон, як скласьці рэзалюцыю, што сказаць чыноўніку, акрамя «далоў». І людзі, тыя самыя простыя людзі, гэта адчуваюць. Таму і вылучаюць на ролі лідэраў людзей хаця б зь мінімальным досьведам грамадзкай і палітычнай працы.

Цыганкоў: Гэта прыкметная дэталь, што пачаўся перасьлед лідараў і актывістаў. Менавіта палітычных лідэраў, якія могуць або ўжо ўзначалілі гэты пратэст у рэгіёнах. Некалькі тыдняў пасьля першых акцыяў аналітыкі меркавалі, як будзе паводзіць сябе ўлада, паколькі ніякіх прыкметаў рэпрэсіўных дзеяньняў не было. А цяпер вось і ў Берасьці, і ў Віцебску ўлады пачынаюць ужываць іх, і напэўна яны думаюць, што націснуўшы на тых лідэраў, якія больш-менш дасьведчаныя ў палітычнай барацьбе, яны могуць абезгаловіць гэты пратэст, зрабіць яго разгубленым.

Большасьць яго ўдзельнікаў — гэта людзі, якія ўпершыню выйшлі на вуліцу, яны маюць альбо дастаткова абыякавыя альбо няпэўныя палітычныя погляды. І якраз бяз гэтых дасьведчаных мясцовых палітычных актывістаў ім будзе цяжка арганізавацца, і ў момант канкрэтнай акцыі яны літаральна ня будуць ведаць, што рабіць, куды ісьці і як выказаць сваё абурэньне.

Другая прыкметная дэталь у берасьцейскай акцыі — гэта наяўнасьць анархістаў, якія дзейнічаюць паводле сваёй матрыцы, маюць свае перакананьні. Але ў момант, калі ўлады сапраўды могуць затрымаць ці не дапусьціць да акцыі палітычных актывістаў, то міжволі анархісты падхапілі гэты сьцяг барацьбы і ўзначалілі яе. Прынамсі на відэакадрах менавіта яны ішлі наперадзе, і гэта таксама напэўна дадатковы галаўны боль для ўлады.

Варта зьвярнуць увагу на колькасьць людзей. Былі меркаваньні наконт таго, якой будзе другая хваля — выйдзе больш людзей ці менш. І тут меркаваньні былі розныя.

Па-першае, улада ўсё-такі нешта робіць. Мы ведаем, як чыноўнікі сустракаюцца з «дармаедамі», што яны прынялі папраўку да дэкрэту, паводле якой людзі зь цяжкімі жыцьцёвымі абставінамі могуць пазьбегнуць гэтага падатку. Вось гэтыя падзеі ў Берасьці маглі паказаць, ці дастаткова гэтага абураным людзям. Як выявілася, недастаткова, паколькі выйшла яшчэ больш людзей. Відавочна, што гэтая карэкціроўка дэкрэту ўжо не задавальняе людзей.

Карэкціроўка дэкрэту ўжо не задавальняе людзей.

Ну а другі аспэкт — калі першы раз не хапалі, то і другі раз таксама нібыта ня будуць, і выходзіць больш людзей. Памятаем, як нарасталі маўклівыя пратэсты ў 2011 годзе, калі пачыналася зь некалькіх дзясяткаў, потым дайшло да некалькіх тысячаў. Але да таго моманту, пакуль не хапалі. Потым, калі акцыі сталі масавым, проста жорстка хапалі, нават людзей, якія нічога не выкрыквалі, проста хлопалі. І пасьля гэтага пратэсты спыніліся. Як будзе гэтым разам — можа паказаць толькі тое, наколькі яны будуць нарастаць і ці рашацца ўлады нарошчваць сілавы аспэкт процістаяньня.

Карбалевіч: Найперш я зьвярнуў бы увагу на геаграфічны чыньнік. Дасюль масавыя акцыі недармаедаў праходзілі ў Менску і ва ўсходніх гарадах: Гомелі, Віцебску, Бабруйску. На захадзе, у Берасьці, Горадні, Баранавічах, акцыі былі нешматлікія. І я б патлумачыў гэта тым, што менавіта ў цэнтры і на ўсходзе краіны сканцэнтраваная прамысловасьць. А эканамічны крызіс ударыў найбольш па прамысловасьці. І сацыяльныя праблемы, беспрацоўе найбольш закранулі прамысловыя цэнтры, там большае незадавальненьне людзей. Але ўчорашнія падзеі ў Берасьці сьведчаць, што прачынаецца і захад.

Увогуле, у гэтых акцыях пратэсту рэй вядзе не сталіца, а як раз правінцыя. Што, здаецца, адбываецца ўпершыню ў найноўшай беларускай гісторыі. Зноў жа я тлумачу гэта тым, што крызіс больш ударыў па правінцыі, чым па Менску. Што новага прынесьлі падзеі ў нядзелю? Улады перайшлі да тактыкі кропкавых рэпрэсіяў. Затрымліваюцца актывісты ў Берасьці, затрымлівалі апазыцыйных лідэраў па дарозе зь Менску ў Берасьце. Пачаліся прэвэнтыўныя затрымкі актывістаў у Менску. Хачу заўважыць, што падчас першых акцыяў улады былі нібыта паралізаваныя. Нават традыцыйных пратаколаў аб парушэньні парадку правядзеньня масавых акцый не складалі. Магчыма таму, што Лукашэнкі не было ў краіне, улады ня ведалі, што рабіць.

Тактыка ўладаў: не саступаць, абвінаваціць у арганізацыі маршаў недармаедаў ворагаў Беларусі.

Цяпер Лукашэнка вярнуўся, і стала зразумелая тактыка ўладаў: не саступаць, абвінаваціць у арганізацыі маршаў недармаедаў ворагаў Беларусі, пачаць пакуль лякальныя кропкавыя рэпрэсіі.

Адначасова ў Берасьці ўпершыню ўступіў у перамовы з пратэстоўцамі прадстаўнік улады — старшыня гарвыканкаму.

Што тычыцца ролі апазыцыі, то ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму яна выходзіць на палітычную арэну ў пэрыяд крызісу. Бо зьяўляецца адзінай арганізаванай і структурызаванай сілай, як тыя самыя анархісты.