Ярмошына: Лёс выбарчага заканадаўства Беларусі вырашыцца 20 сакавіка

Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла Свабодзе пра нараду ў Аляксандра Лукашэнкі наконт выбарчага заканадаўства.

«Мы атрымалі паведамленьне з канцылярыі кіраўніка дзяржавы з датай буйной нарады ў прэзыдэнта 20 сакавіка. Таксама атрымалі пэўныя даручэньні да яе, чым цяпер і займаемся.

Гэта будзе вялікая размова пра зьмены выбарчага заканадаўства. ЦВК падсумавала прапановы, якія раней падрыхтавала міжведамасная камісія. На мой погляд, перамены ў арганізацыі і правядзеньні выбараў у нашай краіне будуць. Усё пытаньне, у якой ступені яны стануць радыкальнымі.

Я не выключаю, што на нарадзе можа адбыцца сутыкненьне інтарэсаў. Там будуць шырока прадстаўленыя рэгіёны. А мой досьвед пераконвае, што па асобных пытаньнях пазыцыя мясцовых уладаў кардынальна адрозьніваецца ад поглядаў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Яны ўсё ж кансэрватыўныя, а мы значна больш лібэральныя.

Таму тут можа быць усялякае. Але ж у мяне ёсьць спадзяваньне, што рэгіянальныя прадстаўнікі разумеюць, што пытаньне пра выбарчае заканадаўства стала пытаньнем палітычным. Яно вельмі важнае для ўсёй краіны. Гэта ж робіцца не для Цэнтравыбаркаму.

Бліжэйшая выбарчая кампанія — у мясцовыя органы ўлады — пачнецца напрыканцы сёлетняга году. Мы прапаноўваем гэтыя выбары на люты 2018 году. І пакуль ніякіх пярэчаньняў на гэты конт ад уладаў няма.

Вядома, дапаўненьні і зьмяненьні да Выбарчага кодэксу закрануць і мясцовыя выбары. Але ж найперш яны скіраваныя на выбары прэзыдэнта і Нацыянальнага сходу», — сказала Ярмошына.

Наколькі радыкальнымі будуць зьмены, стане вядома роўна праз два тыдні. Але, як раней паведамляла Свабода, Цэнтравыбаркам адхіліў прапанову апазыцыі аб перафарматаваньні датэрміновага галасаваньня. А дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая прысутнічала на заключным паседжаньні міжведамаснай экспэртнай групы, выказала меркаваньне, што перамены «хутчэй будуць касмэтычнымі, чым прынцыповымі».