«Адна сям’я ўжо ў Польшчы, Іван з Данаю ў Італіі, а Аляксей працуе ў Швэцыі...» — як былыя гарадзенскія прадпрымальнікі шукаюць працу за мяжой

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны»

Прадпрымальнікі на апусьцелых гарадзенскіх рынках кажуць, што насамрэч ранейшых рынкаў у горадзе ўжо не засталося, бо гандаль на іх амаль спыніўся. Самі яны выходзяць сюды па старой звычцы. І расказваюць, куды пазьнікалі з рынкаў іхнія калегі.

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны», на ніжняй пляцоўцы, дзе гандлююць таварамі лёгкай прамысловасьці, нават у выходны дзень нешматлюдна. Хмурыя гандляры і нешматлікія пакупнікі. А памятаецца, у 90-я тут гучала музыка, было не праціснуцца, гул стаяў...

Яшчэ кідаецца ў вочы, што сярод гандляроў пераважная большасьць — пэнсійнага альбо перадпэнсійнага веку, маладых зусім мала. Разгаварыўся з гандляркамі, якія п’юць гарбату і абмяркоўваюць жыцьцёвыя клопаты. Цікаўлюся — як справы на рынку, ці ёсьць якія зрухі.

Спадарыня Ніна ў пэнсійным веку. Кажа, што навіна толькі адна: стала цяплей, і гэта пакуль адзіная радасьць. А спадарыня Галіна дадае, што гандлю як не было цэлую зіму, так і няма.

— Дый рынку ніякага, лічу, ужо няма, бо тут практычна спыніліся грашовыя адносіны паміж людзьмі. Бывае, за дзень адну-дзьве рэчы прадасі, а бывае, што некалькі дзён і наагул нічога. Ну, і калі прадам нешта, то адразу сама іду ў краму, каб харчы набыць, а ў разьвіцьцё бізнэсу нічога ўжо ня ўкладваю. От, старыя запасы папрадаю, і на гэтым, відаць, будзе канец.

Да нашае размовы далучаецца спадар Віктар. Паказвае на пустыя гандлёвыя месцы. Кажа, што раней тут людзі стаялі па 15–20 гадоў, а цяпер усё кінулі і пазьяжджалі.

Гісторыя першая: Яны ніколі не хацелі браць удзелу ў вулічных акцыях

Спадарыня Галіна паказвае на пустыя месцы і расказвае:

«Гэтая сям’я ўжо ў Польшчы. А вунь на тых радах стаялі Іван з Данаю — яны ўжо ў Італіі. А Аляксей, вось там, ніхто ягонага месца так і не заняў, працуе ў Швэцыі...»

Пра Сяргея і Надзею, якія месяц таму назаўжды зьехалі ў Польшчу, узгадвае спадар Віктар. Яны сябравалі і цяпер часам размаўляюць у скайпе:

«Сяргей з Надзеяй працавалі на рынку ад самага пачатку, хоць у абаіх была вышэйшая адукацыя. У добрыя часы яны мелі нават некалькі гандлёвых пунктаў на розных рынках, трымалі найманых працаўнікоў. Памятаю, што Сяргей і Надзея ніколі ня ўдзельнічалі ні ў якіх пратэставых акцыях на рынку, казалі, што нічога лепшага жадаць ня трэба, галоўнае, маўляў, працаваць.

У мінулым годзе ён пазачыняў усе свае гандлёвыя пункты, хоць на працу прыходзіў раней за нас усіх. Нават тыя запасы, якія былі ў іх, не ратавалі сытуацыі.

Паехаў у Варшаву шукаць працы — яму ўдалося зрабіць нейкім чынам „Карту паляка“, хоць да польскасьці ён ня мае ніякага дачыненьня. А яму, дарэчы, ужо за пяцьдзясят, праўда, жонка на пару гадоў маладзейшая.

Уладкаваўся напачатку сам, а праз пару месяцаў прыехаў і забраў жонку з сынам. Два тыдні таму яны прадалі сваю кватэру ў Горадні і прыяжджалі афармляць дакумэнты. Ім пашэнціла — двухпакаёўку на вуліцы Горкага з мэбляй, тэлевізарам, пральнай машынай і ўсім хатнім рыштункам прадалі за 40 тысяч даляраў.

У Варшаве ўладкаваўся ў прыватнай фірме шафёрам, атрымлівае 1500 даляраў. Жонка не працуе пакуль, бо сын ходзіць у школу і яна яго даглядае. Але на жыцьцё пакуль хапае.

Цяпер ён наймае кватэру, плаціць 430 даляраў і плюс камунальныя. Польская дзяржава прапанавала крэдыт пад 2% на будоўлю кватэры. Можаце самі ўявіць — чужая дзяржава пад 2% прапанавала крэдыт?

Кватэра ў Варшаве ім абыдзецца блізу 80 тысяч даляраў, і яны не баяцца браць там крэдыт... Сказаў мне цяпер, што хоча ў крэдыт набыць яшчэ і грузавое аўта, каб працаваць на сябе. Вяртацца сюды больш не зьбіраецца. Вось яно як...»

Гісторыя другая: «Не скажу, што лёгка ў Італіі жывецца, але нам нічога не бракуе...»

Спадарыня Галіна ўзгадвае пра Івана і Дану.

«Іх гандлёвыя месцы былі побач. Яны зьехалі яшчэ мінулай восеньню. Дана раней паехала да сваёй сяброўкі, уладкавалася прыбіраць у гатэлі, і хутка за ёй ад’ехаў і Іван. Ён цяпер працуе кіроўцам, развозіць тавары на машыне.

На дваіх зарабляюць 3 тысячы эўра, наймаюць кватэру за 450 эўра, кажуць, што па італійскіх мерках лічацца беднымі. Сваёй кватэры ў Горадні яшчэ не прадавалі, бо тут застаўся дарослы сын. Ім жа таксама абаім пад пяцьдзясят гадоў.

Пасьля таго як рынак спыніўся, Дана проста месца сабе не знаходзіла і казала, што ніякіх шанцаў тут ніхто ня мае. Яны і цяпер нічым асабліва ня хваляцца, калі мы размаўляем праз скайп, але сказалі, што вяртацца ў Беларусь не зьбіраюцца. Бо там хоць і жывецца таксама няпроста, але ім у жыцьці нічога не бракуе і яны ня думаюць, як пражыць дзень. Былі на Новы год, спачуваюць нам...»

Гісторыя трэцяя: «У Швэцыі складана атрымаць грамадзянства, але лепей жыць там неграмадзянінам, чым у Беларусі мець усе правы...»

Гісторыю Аляксея, які таксама стаяў побач і гандляваў джынсамі, расказвае спадар Ігар. Некалі яны разам вучыліся ў школе. Паводле яго, Аляксей дагэтуль ня мае сям’і, хоць яму ўжо 38. У Горадні жыве ягоная маці.

«Ён вырашыў зьехаць летась, на пачатку зімы. Цяжка было зусім, неставала грошай, каб заплаціць за месца і ўсе гэтыя падаткі. А цяпер ён нават маці дасылае грошы, бо пэнсія ў яе — няпоўныя два мільёны. Праз скайп мне казаў, што падпрацоўвае, але нелегальна, грошай на ўсё хапае. Скардзіўся, што законы ў Швэцыі даволі строгія з атрыманьнем дазволу на жыхарства і на працаўладкаваньне. Праўда, краіна яму вельмі падабаецца. Прызнаўся, што вяртацца сюды болей ня будзе, бо нават чалавеку самотнаму, без усякіх сувязяў пражыць там лягчэй, чым у нас. Усе намаганьні прыкладзе, каб легалізавацца, нават ажаніцца ўжо надумаў».

Спадар Ігар цяжка ўздыхае і дадае, што толькі з рынку сотні прадпрымальнікаў разьехаліся ў розныя краіны сьвету шукаць працы, бо не маглі тут далей весьці свой бізнэс.

— І відавочна нас ужо з кожным месяцам становіцца ўсё меней...