Лябедзьку і Рымашэўскага выпусьцілі з РАУС Бярозы пасьля сканчэньня маршу ў Берасьці

Анатоль Лябедзька (архіўнае фота)

Два разы па дарозе зь Менску да Берасьця старшыню партыі АГП Анатоля Лябедзьку і сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага затрымлівалі супрацоўнікі ДАІ. Затрыманьні каля Івацэвічаў і Бярозы, што на Берасьцейшчыне міліцыянты ажыцьцяўлялі пад пільным кантролем людзей у цывільным, кажа Анатоль Лябедзька. Мэта гэтых затрыманьняў — толькі ў адным, лічыць старшыня АГП:

«Нават пасьля таго, як я пакінуў машыну, на якой мы разам ехалі, і паехаў аўтаспынам спачатку на фуры з грамадзянінам Польшчы, а потым з маладой дзяўчынай, нас спынялі. Калі ехаў ужо зь дзяўчынай, то нас проста блякавалі на двух аўто каля Бярозы. Міліцыянты паведамілі, што мы нібыта падазраемся ва ўчыненьні нейкага злачынства. І прымусілі сесьці нас у аўто да ДАІнікаў. Пры гэтым яны хацелі забраць нават дзяўчыну, якая нас зь Віталём Рымашэўскім падвозіла. Але нам удалося пераканаць, што яна ні пры чым. Нас жа павезьлі ў РАУС Бярозы. Сьмешна, але каля паўгадзіны нас проста вазілі па Бярозе. А пасьля, ужо ў РАУСе вадзілі па розных кабінэтах, спрабавалі ўзяць нейкія тлумачэньні. Я наадрэз адмовіўся. Урэшце нас выпусьцілі. А мэта ўсёй гэтай спэцапэрацыі — проста не дапусьціць, каб мы патрапілі ў Берасьце на «Марш недармаедаў».

Анатоль Лябедзька лічыць, што калі б іх не затрымалі ў Бярозе, то ўсё роўна гэта адбылося б каля Жабінкі альбо іншага гораду, паколькі ўвесь час іх суправаджалі на аўто асобы ў цывільным.