Лябедзьку і Рымашэўскага вязуць у пастарунак у Бярозу, Казлоў едзе ў Берасьце на спадарожнай машыне

Ілюстрацыйнае фота

Пасьля таго, як ДАІ на берасьцейскай трасе спыніла машыну лідэра БХД Віталя Рымашэўскага і пачала праверку, іншыя лідэры апазыцыі, якія былі разам зь ім — Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў з АГП — падаліся на мітынг «недармаедаў» у Берасьце на спадарожных машынах.

«Лябедзька злавіў спадарожную машыну і цяпер едзе перада мной. Добрыя людзі даведаліся пра наш выпадак у інтэрнэце, выехалі на трасу і забралі таксама мяне. Я таксама рухаюся на мітынг. А міліцыя там правярае, што нібыта машына ва ўгоне, што перабітыя нумары, цягнуць час. Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова засталіся з машынай», — паведаміў Мікалай Казлоў Свабодзе.

11.31 Лябедзька ўжо ў міліцэйскім аўтамабілі

Міліцыянты запалохалі дзяўчыну, якая падабрала палітыка, і забралі Лябедзьку.

Анатоль Лябедзька жартуе, што «трэба стварыць маштаб апэрацыі — задзейнічалі ўжо і Івацэвіцкі, і Бярозаўскі РАУСы» і патрабуе сфармуляваць дакладна, чаму яго затрымалі. Міліцыянт кажа, быццам бы ім па рацыі паведамілі, што ў аўтамабілі знаходзяцца асобы, якія знаходзяцца ў вышуку. Лябедзьку і Рымашэўскага зьбіраюцца везьці ў Бярозаўскі РАУС.

11.48 Лябедзьку і Рымашэўскага міліцыя вязе ў пастарунак у Бярозу

Адбылося другое затрыманьне лідэраў апазыцыі. Калі першы раз правяралі, ці машына не ва ўгоне, то цяпер іх падазраюць у зьдзяйсьненьні нейкага злачынства, праўда ня кажуць, якога. Вязуць у Бярозаўскі РАУС, — паведаміў Анатоль Лябедзька Свабодзе. На мітынг у Берасьце ён і Віталь Рымашэўскі ўжо не пасьпеюць.