Трамп абвінаваціў Абаму ў праслухоўваньні яго тэлефонаў

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў былога кіраўніка Белага Дому Барака Абаму ў праслухоўваньні яго тэлефонаў яшчэ да выбараў у лістападзе летрась. У сваім «Твітэры» Трамп напісаў шэраг пастоў, у якіх асудзіў сачэньне, параўнаўшы яе з Уотэргейцкім скандалам. Паводле Трампа, «добры адвакат можа пабудаваць на падставе гэтага факту выйгрышную справа». Абама пакуль не пракамэнтаваў заяву Трампа.

Напярэдадні нямецкі часопіс Der Spiegel напісаў, што паведамленьні ў СМІ аб кантактах членаў каманды Трампа з расейскімі чыноўнікамі, якія апошнім часам пачасьціліся, былі нібыта загадзя падрыхтаваныя Баракам Абамам. Паводле інфармацыі крыніц часопіса, спэцслужбы па ўказаньні Абамы вялі сачэньне за Трампам падчас перадвыбарчай кампаніі, у прыватнасьці, праслухоўваючы тэлефоны ў «Трамп-таўэры».

На гэтым тыдні СМІ паведамілі, што генэральны пракурор ЗША Джэф Сэшнс правёў дзьве сустрэчы з расейскім амбасадарам падчас леташняй перадвыбарнай кампаніі. У кантактах з Расеяй прэса абвінаваціла і зяця Трампа Джарэда Кушнера, які займае пасаду яго старэйшага дарадніка. У лютым сышоў у адстаўку памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Майкл Флін, пасьля таго як высьветлілася, што ён абмяркоўваў санкцыі супраць Расеі падчас тэлефоннай размовы з расейскім паслом у Вашынгтоне.

Усталяваньне рэспубліканцамі мікрафонаў у штаб-кватэры Дэмакратычнай партыі ў гатэлі «Уотэргейт» у Вашынгтоне прывяло ў 1974 годзе да адстаўкі прэзыдэнта Рычарда Ніксана. Гэта адзіны за гісторыю ЗША выпадак, калі прэзыдэнт прыжыцьцёва датэрмінова спыніў выкананьне абавязкаў.