Аб гэтым Свабодзе паведаміў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк:
«А 18.30 яго затрымалі два супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў Ленінскі РАУС па адміністрацыйнай справе аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. З аўторка яго выклікалі, апытвалі. Два разы ў міліцыі быў. Я мяркую, што яго затрымалі адмыслова, каб не дапусьціць удзелу ў акцыі 5 сакавіка. Пацягнулі час і затрымалі ўвечары ў пятніцу», — апавёў праваабаронца.
Раман Кісьляк лічыць, што Андрэй Шарэнда можа прабыць у пастарунку цягам выходных.
Раней сёньня стала вядома, што ў Берасьці затрыманая актывістка «Маладой Беларусі» Натальля Папкова. Яе знаёмая Людміла Захарэнка распавяла Свабодзе, што Натальля знаходзіцца ў псыханэўралягічным дыспансэры, дзе абвясьціла галадоўку:
«Зайшла сёньня туды ў прыёмны пакой — а яна там. Паразмаўляць далі толькі на нэўтральныя тэмы і ў прысутнасьці лекара. Дыягназ не сказалі. Сказалі, што дакладна да панядзелка будуць трымаць. Ежу Натальлі не купляла, бо яна на знак пратэсту абвясьціла галадоўку».
Не адказвае цяпер і мабільны тэлефон яшчэ аднаго з мадэратараў берасьцейскага «Маршу недармаедаў» Аляксандра Кабанава зь Бярозы. Раней яму была ўручаная позва зьявіцца ў Ленінскі РАУС Берасьця на 17 гадзінаў.