4 сакавіка ў менскім Палацы мастацтва праходзіць чарговы XVII справаздачна-выбарчы зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
У склад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў уваходзіць больш за 450 сябраў. Для кворуму неабходна, каб у зьезьдзе ўзялі ўдзел больш за палову ад гэтай колькасьці.
Паводле статуту зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў праводзіцца раз на пяць год.
Як паведаміў Свабодзе прэс-сакратар саюзу Ўсевалад Сьцебурака, на зьезьдзе будзе прыняты шэраг рэзалюцыяў і заяў. Сярод вострых пытаньняў, якія будуць разглядацца, — сытуацыя вакол будаўніцтва каля Курапатаў, а таксама прызнаньне ўладамі сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў асобамі, якія падпадаюць пад дзеяньне дэкрэту № 3.
На паседжаньні рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў 28 лютага ўжо была прынята заява адносна Курапатаў, у якой сябры абʼяднаньня выказалі «абурэньне тым, што напярэдадні 80-годзьдзя 29 кастрычніка 1937-га, калі сталінскімі катамі былі расстраляныя больш за сто найвыдатнейшых беларускіх пісьменьнікаў, дзеячаў культуры, прадстаўнікоў нацыянальнай эліты, дзяржаўныя структуры ўсё яшчэ ня могуць асэнсаваць важнасьць захаваньня памяці пра гады крывавага тэрору».
Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, празаік і ляўрэат літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця Віктар Казько ў інтэрвію Міхасю Скоблу расказаў, як пачуваюцца творцы незалежнага СПБ, якіх Міністэрства культуры залічыла ў «дармаеды».