Сёньня ў Гомелі хаваюць аднаго з найстарэйшых грамадзкіх актывістаў, сябра КХП-БНФ, а ў апошнія гады і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шыцікава.
Уладзімер Шыцікаў памёр 2 сакавіка ў 3-м гарадзкім шпіталі. Яму ішоў 71-ы год. Паводле жонкі, Уладзімера забралі ў шпіталь дванаццаць дзён таму з падазрэньнем на інсульт. Лячылі яго ад інсульту, але памёр ён ад таго, што адмовілі ныркі.
Уладзімер Шыцікаў нарадзіўся 28 красавіка 1946 году ў Коўне ў сям’і вайскоўца, нядаўняга франтавіка. Бацька яго родам зь Веткаўскага раёну, маці — з Чыцінскай вобласьці. Злучылі іх франтавыя дарогі. Жылі там, куды пасылалі служыць: у Літве, Нямеччыне, ва Ўкраіне.
У часы хрушчоўскай адлігі ў Савецкай Арміі адбыліся істотныя скарачэньні, і Шыцікава-старэйшага адправілі ў запас. Сям’я пасялілася ў Гомелі.
Скончыўшы інстытут, Уладзімер працяглы час працаваў інжынэрам-тэхнолягам на Гомельскім электратэхнічным заводзе.
З энтузіязмам сустрэў абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, уступіў у Партыю БНФ. А калі яна падзялілася на дзьве плыні, застаўся ў КХП—БНФ разам зь яе лідэрам Зянонам Пазьняком.
Яго ня раз штрафавалі, арыштоўвалі, але, як толькі надыходзіў Дзень Волі ці была іншая нагода, Шыцікаў узьнімаў нацыянальны сьцяг і быў там, дзе зьбіраліся дэмакратычныя актывісты.
«Уладзімер Іванавіч быў вельмi шчырым чалавекам дэмакратычных перакананьняў, верыў у неабходнасьць нацыянальнага адраджэньня. На ўсе акцыi, якія ладзіла ў горадзе апазыцыя, Шыцікаў абавязкова прыходзiў зь бела-чырвона-белым сьцягам i ў вязанай шапцы такіх жа колераў. Яго ня раз штрафавалі, арыштоўвалі, але, як толькі надыходзіў Дзень Волі ці была іншая нагода, Шыцікаў узьнімаў нацыянальны сьцяг і быў там, дзе зьбіраліся дэмакратычныя актывісты», — прыгадвае гомельскі грамадзкі дзяяч і палітык Васіль Палякоў.
Міліцыянты неаднойчы патрабавалі ад Шыцікава падпісаць абавязаньне ня ўдзельнічаць у вулічных акцыях.
«Гэта ўжо кепская традыцыя. Калі намячаецца палітычная акцыя, то напярэдадні міліцыя абвінавачвае мяне ў тым, што я брыдка лаюся альбо друкую беларускія грашовыя купюры. Даходзіла і да такога абсурду. Карацей, учыняюць мне ўсе магчымыя правакацыі, саджаюць за краты, каб ня браў удзелу ў акцыях апазыцыі», — неяк прызнаваўся сам Уладзімер Іванавіч.
Шыцікаў і сам мог прыдумаць нечаканую імпрэзу, каб выказаць сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і за яе межамі.
Калі ў сакавіку 2014 году гомельскія актывісты ладзілі пікет за сумленныя выбары ў мясцовыя саветы, Шыцікаў выйшаў да гандлёвага дому «Рэчыцкі» з антырасейскім плякатам. Расея ў той час імкнулася анэксаваць Крым, і Ўладзімер напісаў на плякаце з аднаго боку: «Пуцінская Расея, ты звар’яцела!», з другога — «Бляск рэзыдэнцыяў не ратуе дыктатара».
Супрацоўнікі міліцыі, гледзячы надпісы, заявілі, што Шыцікаў ня мае права трымаць плякаты, якія ня тычацца выбараў. Аднак ён адмовіўся сысьці ці схаваць плякат. Пасьля пікету міліцыянты затрымалі яго, склалі пратакол і праз суд пакаралі 10-сутачным арыштам.
«Калі незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году мы сталі актыўна падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча, нас пад рознымі надуманымі падставамі сталі арыштоўваць на суткі. Я, Андрэй Толчын, Сяргей Сямёнаў апынуліс
Пішам Уладзімеру Іванавічу, што трымаем галадоўку. Ён прычапіў запісачку са шматком сала: «Дурні, Беларусі патрэбныя здаровыя барацьбіты за незалежнасьць».
я ў ізалятары на другім паверсе, а Шыцікаў — акурат пад намі на першым. Мы перастукваліся, спускалі праз форткі з дапамогай ніткі «малявы», гэта значыць цыдулкі. Пішам Уладзімеру Іванавічу, што трымаем галадоўку. Ён прычапіў запісачку са шматком сала: «Дурні, Беларусі патрэбныя здаровыя барацьбіты за незалежнасьць», — прыгадвае гомельскі актывіст Уладзімер Кацора.
Кацора пацьвярджае, што Шыцікаў сапраўды быў «чалавекам, апантаным беларускай ідэяй, але не дагматыкам». Ён ня меў звычкі займацца пустаслоўем, а шчыраваў у тых арганізацыях, якія «працавалі тут і цяпер».
У Гомелі КХП—БНФ налічвае мала сяброў, афіцыйна зарэгістраванай структуры тут няма, таму Ўладзімер Шыцікаў далучыўся да АГП, каб ад партыі быць назіральнікам на выбарах, весьці агітацыю за дэмакратычных кандыдатаў.
Шыцікаў падтрымліваў ініцыятыву перайменаваньня вуліцы баўгарскага камуніста Дзімітрава ў вуліцу імя дзяячкі БНР Палуты Бадуновай — яе радавы дом стаяў на гэтай вуліцы.
«Каму Палута Бадунова муляе? Наадварот, прапанавалі б гараджанам: зьбірайце сродкі і стаўце помнік! Мы толькі зацьвердзім праект — і ўсё», — казаў Ўладзімер Іванавіч падчас ускладаньня кветак на пустцы паміж шматпавярховікамі, дзе некалі стаяў дом сям’і Бадуновых.
У 2010 годзе Шыцікаў адчаканіў зь медзі мэдаль да гістарычнай даты — пераможнай бітвы галоўных сілаў Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства зь нямецкім ордэнам пад Грунвальдам.
На авэрсе мэдаля кульмінацыйная сцэна бітвы: ваяр забівае магістра Тэўтонскага ордэну. На тыльным баку — гістарычныя гербы ВКЛ і Польскага Каралеўства.
Пазьней актывіст стаў вырабляць значкі з выявамі беларускіх нацыянальных герояў — Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касьцюшкі, а таксама Фані Каплан, Ігната Грынявіцкага ды іншых вядомых землякоў.
У 2007 годзе гомельская дэлегацыя арганізавана ехала ў Менск на II Кангрэс дэмакратычных сілаў. Вёз іх на сваім мікрааўтобусе Ўладзiмiр Iванавіч. Напярэдадні Шыцікаў прапанаваў: «Выедзем на гадзіну ці паўтары раней i заедзем у Старыя Дарогi, у музэй Анатоля Белага. Ну якія мы патрыёты, калі не пабачым ягонага музэю і культурна-асьветніцкага клюбу «Спадчына»? — пераконваў Уладзімер Шыцікаў. Паўгадзіны вялася спрэчка. І ён дамогся.
А яшчэ Шыцікаў быў добрым агароднікам і кактусаводам. Сярод сотні чальцоў гарадзкога народнага клюбу аматараў кактусаў «Лафафора» Ўладзімер Шыцікаў са сваёй разнастайнай калекцыяй сукулентаў быў у першых шэрагах.
Уладзімер Іванавіч з жонкай выгадаваў сына і дачку, меў унука. Пахаваюць яго на новых гарадзкіх могілках — за дваццаць кілямэтраў ад Гомелю.