Актывіста Аляксандра Кабанава будуць судзіць за брыдкаслоўе

Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў (з мэгафонам) у часе “Маршу недармаедаў” 26 лютага ў Берасьці

Бярозаўскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Кабанаў цягам дня 2 сакавіка двойчы затрымліваўся міліцыяй. На другі раз яго азнаёмілі з пратаколам за брыдкаслоўе і адвезьлі ў суд.

Аднак у судзе Бярозы апазыцыянэр запатрабаваў даць яму адваката, таму судзьдзя адклаў паседжаньне на тыдзень, да 9 сакавіка.

Аляксандар Кабанаў кажа, што ў мацюках яго зьвінаваціў чалавек, які правакаваў яго раніцай на бойку:

Гэта было ўсё пры супрацоўніках міліцыі.

«У міліцыі мне паказалі справу, дзе напісана, што на мяне пададзеная заява, што я брыдкасловіў. Пасьля гэтага мяне зачынілі ў камэру. Паводле справы, я брыдкасловіў раніцай — гэты чалавек, які мяне правакаваў на бойку, напісаў на мяне заяву. Быццам бы я яго зьневажаў, чапляўся да яго. А насамрэч, я наадварот, зьвяртаўся да супрацоўнікаў міліцыі, каб яны зьвярнулі ўвагу, як той чалавек сябе паводзіць. Гэта было ўсё пры супрацоўніках міліцыі,» — распавёў Аляксандар Кабанаў.

Канфлікт зь невядомым здарыўся ў актывіста раніцай, калі ён выйшаў з хаты, зьбіраючыся ў Івацэвічы, дзе была прызначаная сустрэча з мясцовымі праціўнікамі дэкрэту аб дармаедах.

Як распавёў Аляксандар Кабанаў, да яго падышоў малады чалавек, які запатрабаваў спачатку закурыць, потым пачаў патрабаваць грошай. Кабанаў зьвярнуўся да міліцыянтаў, якія знаходзіліся непадалёку ў машыне. У выніку і таго маладога чалавека, і Кабанава завезьлі ў міліцыю.

Потым актывіста выпусьцілі, але праз пэўны час ізноў забралі, бо чалавек напісаў ня яго заяву.

3-га лютага Аляксандар Кабанаў мусіць ехаць у Берасьце па позьве ў тамтэйшую міліцыю. Ён кажа, што сёньня яму ўручылі новую позву з гэтай датай і выклікаюць за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Берасьці 26 лютага. Раней яго выклікалі на 5 сакавіка — у час, калі ў Берасьці заплянаваны чарговы «Марш недармаедаў».

Актывіст АГП сабраў на Берасьцейшчыне 2500 подпісаў за адмену дэкрэту аб дармаедах.