У сельсаветах Гарадзенскага раёну вяскоўцам, якія ня маюць працы, прапануюць пісаць заявы на імя старшыні райвыканкаму, каб іх вызвалілі ад збору паводле дэкрэту № 3 у сувязі са складаным жыцьцёвым становішчам.
Жыхар Азёрскага сельсавету спадар Мікалай расказаў Свабодзе, што ў навакольных вёсках усім беспрацоўным прапанавалі пісаць заявы на імя старшыні райвыканкаму — прасіць вызваліць ад сплаты збору паводле дэкрэту № 3 за 2015 год. Заявы пішуцца, паводле яго, у адвольнай форме, у іх пазначаецца, ці валодае чалавек зямлёй і ці працуе на прыватнай гаспадарцы.
— Я хадзіў нядаўна зьбіраць подпісы па навакольных вёсках, то пераважная большасьць людзей баяліся нават і слухаць, а ня тое каб паставіць той подпіс. А цяпер з кім ні размаўляю, то людзі пасьмейваюцца і кажуць, што ўлады напалохаліся пратэстаў і даюць «задні ход» дэкрэту № 3 — кажа суразмоўца.
У Азёрскім сельсавеце ўпраўляючая справамі Алена Палянская пацьвердзіла, што людзі насамрэч пішуць заявы ў райвыканкам з просьбай вызваліць іх ад сплаты збору, але на якой падставе, патлумачыць не змагла.
— Мы ў сельсавеце не разглядаем гэтыя заявы, людзі павінны вазіць іх у райвыканкам.
Ужо ў райвыканкаме намесьнік старшыні па ідэалягічнай працы Валеры Балашоў патлумачыў Свабодзе, што праведзены тры паседжаньні камісіі райвыканкаму па разглядзе падобных заяў. Паводле яго, у райвыканкаме гэтым пачалі займацца пасьля ўнясеньня зьменаў у дэкрэт № 3.
— Пасьля ўнясеньня зьменаў у дэкрэт зьявіўся шэраг падставаў, паводле якіх людзі могуць быць вызваленыя ад сплаты збору. І вось у сельсаветах наладзілі тлумачальную працу, каб данесьці гэта людзям, хто падпадае пад зьмены ў дэкрэце і можа быць вызвалены ад сплаты гэтага збору. Заяваў шмат, камісія іх усе разглядае. Правяраюць, ці насамрэч чалавек займаецца прыватнай гаспадаркай на прысядзібным участку, і тады вызваляюць ад сплаты. Ёсьць такія сытуацыі, калі камісія дае адмоўныя адказы. Скажам, чалавек жыве ў кватэры ў сельскай мясцовасьці, зямлі ня мае, прыватнай гаспадаркай не займаецца, нідзе не працуе, а валодае «мэрсэдэсам», які каштуе звыш 10 тысяч даляраў.
Канкрэтных лічбаў, колькі ў раёне «дармаедаў» і колькі вызвалена ад сплаты збору паводле дэкрэту № 3, спадар Балашоў назваць ня змог, бо, сказаў, ня мае такіх дадзеных.