У Беларусі, апошняй краіне Эўропы, дзе выконваюцца сьмяротныя выракі, паводле закону ёсьць адзіная інстанцыя, якая дае асуджанаму на сьмерць надзею. Гэта інстытут прэзыдэнцкага памілаваньня. Пяць гадоў таму, неўзабаве пасьля расстрэлу Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва за тэракт у менскім мэтро, Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію сказаў, што ён за ўвесь час свайго праўленьня памілаваў толькі аднаго чалавека.
Ніякіх афіцыйных зьвестак пра гэтую памілаваную асобу, як і пра тое, што зь ёй цяпер, няма. У мінулых публікацыях мы паспрабавалі прасачыць лёс двух колішніх «сьмяротнікаў», якім, паводле неафіцыйных зьвестак, дараваў жыцьцё Аляксандар Лукашэнка. Гэта Ігар Беленькі і Сяргей Праціраеў. Сёньня — гісторыя Дзьмітрыя Хархаля.
«Джэнтльмэн удачы»
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў другога (2000-2004г.г.) і трэцяга (2004-2008 г.г.) скліканьняў Вольга Абрамава кажа, што ў яе на руках ёсьць дакумэнт ад камісіі па памілаваньні пры прэзыдэнце. Папера адрасаваная на яе імя, і ў ёй дакладна сфармулявана, што на яе дэпутацкі зварот была разгледжаная і перагледжаная справа Дзьмітрыя Хархаля. Абрамавай цяпер цяжка прыгадаць, як тады, у 2003-м, была юрыдычна аформленая замена расстрэлу на 15 гадоў зьняволеньня, аднак яна з упэўненасьцю сьцьвярджае: падобныя рашэньні ў краіне прымаюцца выключна прэзыдэнтам.
«Калі б прэзыдэнт ня меў на тое жаданьня, ён элемэнтарна б адхіліў маё хадайніцтва, як гэта ня раз рабіў зь іншымі зваротамі аб памілаваньні...», — кажа яна.
На пачатку 2000-х, калі ў Менску ішоў судовы працэс над Дзьмітрыем Хархалем, менчуком 1970 году нараджэньня, раней неаднойчы судзімым, у СМІ ды інтэрнэце зьявіліся разнастайныя зьвесткі пра гэтую асобу. Хархаля абвінавачвалі ў забойстве сямейнай пары, і яму рэальна пагражала сьмяротнае пакараньне. Нешта з тых матэрыялаў і сёньня можна знайсьці ў вольным доступе. Напрыклад, артыкул «Джэнтэльмэн удачы» ад 12.12.2000, аўтар якога — журналіст выданьня «Советская Белоруссия» Генадзь Курбека. У ім падрабязна апісваўся крымінальны шлях Хархаля ледзь не са школьных гадоў.
У сваю чаргу праваабаронцы, спасылаючыся на сьцьвярджэньні адваката асуджанага, настойвалі на фальсыфікацыі справы, а таксама ўказвалі на «бесчалавечыя ды зьневажальныя ўмовы ўтрыманьня» Дзьмітрыя ў камэры сьмяротнікаў, на тое, як зьдзекаваліся зь яго ахоўнікі, як катавалі.
Як дэпутатка Вольга Абрамава ня раз наведвала беларускія калёніі ды турмы, гутарыла з асуджанымі. Акрамя толькі вязьняў з калідора сьмяротнікаў на «Валадарцы». Гэтае наведаньне не было прадугледжана для парлямэнтароў. Сустрэча з асуджаным на расстрэл Дзьмітрыем Хархалем адбылася на просьбу дэпутаткі. Напярэдадні яна атрымала ліст ад зьняволенага. Спасылаючыся на свайго адваката, ён пісаў, што Вольга Абрамава як адзіная парлямэнтарка — праціўніца сьмяротнага пакараньня ёсьць ягонай апошняй надзеяй на выратаваньне. А расстрэл можа адбыцца вось-вось.
«Памятаю, як ён раззлаваўся і зіркнуў на мяне»
Дазвол на сустрэчу быў атрыманы не бязь цяжкасьці.
«Буду шчырай, — кажа Абрамава, — перад паходам на „Валадарку“ я ня спала ноч і наступнай раніцай пайшла ў тую камэру на паўсагнутых нагах. Напярэдадні я вывучыла справу. Там сапраўды было нямала, як мне здалося, пытаньняў і нестыковак.
У сутарэньні СІЗА № 1, акрамя нас дваіх, прысутнічаў яшчэ адзін чалавек. Думаю, гэта было ў мэтах бясьпекі, паколькі ў нашай гутарцы ён ніяк ня ўдзельнічаў. Размова, напэўна ж, запісвалася. На самым пачатку я сказала, што знаёмая са справай, што гатовая выслухаць... Пацікавілася, што ён хацеў бы дадаць».
Паводле Абрамавай, Хархаль пачаў з таго, што ўсё зусім ня так, як намалявана ў справе: прысуд несправядлівы, забойца ня ён, а ягоны стрыечны брат, які ў той час хаваўся ў Польшчы. На яго, Дзьмітрыя, як звычайна ў падобных сытуацыях, дзеля таго, каб была раскрывальнасьць, склад злачынства «навесілі» сьледчыя. Хархаль быў вымушаны доўга хавацца ў Расеі, аднак там яго ўсё ж арыштавалі ды перадалі ў Беларусь. Асуджаны ўвесь час старанна абыходзіў пытаньне, хто быў ініцыятарам злачынства. Адказнасьць за непасрэднае выкананьне і за асноўную ідэю ён перакладаў на стрыечнага брата, а сябе называў ахвярай абставін. Так, ён ведаў, што ў брата было жаданьне выкрасьці выстаўленую на продаж машыну, але думаў, што гэта будзе зроблена неяк інакш. Для Дзьмітрыя, зь ягоных слоў, сталі нечаканасьцю два стрэлы, якія зрабіў брат, у выніку чаго былі забітыя ўладальнікі аўтамабіля — муж і жонка.
Потым Хархаль перайшоў на характарыстыку ўласнай пэрсоны. Ведаючы, што дэпутатка вывучыла яго справу, сказаў: «Я, вядома, не анёл» і падрабязна распавёў пра адзін са сваіх злачынных эпізодаў. Паводле асуджанага, ён у пэўны момант страціў кантроль над сабой, а таму ў выніку пацярпелы атрымаў вельмі сур’ёзнае калецтва. Затым вязень сказаў нешта пра ўласную маладосьць ды пераключыўся на цяжкае дзяцінства. Ён расказаў, што выхоўваўся ў няпоўнай сям’і і што тыя ўмовы былі вельмі неспрыяльныя для дзіцяці.
«Я і цяпер у розных дэталях памятаю тую 40-хвілінную размову з Хархалем, ягоную мову цела, выраз твару, вочы, — кажа Вольга Абрамава. — Мне неабходныя былі гэтыя назіраньні для таго, каб скласьці сваё ўражаньне пра суразмоўцу. Аднак я б не хацела гэтага агучваць, каб не даваць нейкай ацэначнай характарыстыкі. Тым больш што чалавек гэты, як пісалі СМІ, нібыта ўжо пачаў новае жыцьцё на волі».
«Вы ня хочаце даваць ацэначнай характарыстыкі гэтай асобы, але, магчыма, маглі б падзяліцца самым агульным уражаньнем, якое склалася ў вас у выніку той размовы?»
Абрамава: «Перада мной сядзела асоба, якая ўсё прадумала «ад» і «да». Асоба, цалкам сфарміраваная. Жорсткая, калі не сказаць больш. Для мяне было відавочна, што ў дачыненьні да мяне ён загадзя сканструяваў такі вобраз: вось прыйдзе гэтая дурнічка, жанчына-дэпутатка, якая нічога ў жыцьці ня бачыла, нічога не разумее, паколькі зусім адарваная ад рэальнасьці... Памятаю, як ён раззлаваўся і зіркнуў на мяне, калі я сказала яму на разьвітаньне: «Ведаеце, я вам не спачуваю, вы, з майго гледзішча, чалавек, які грунтоўна пераступіў закон і ад пачатку да канца разумеў, што ён робіць. Але вам вельмі пашанцавала. Вы сапраўды трапілі на адзінага дэпутата, які выступае супраць сьмяротнага пакараньня. Ваш адвакат сказаў вам праўду. Менавіта таму я буду зьвяртацца да прэзыдэнта з просьбай аб памілаваньні».
Вольга Абрамава дадае, што неўзабаве пасьля сустрэчы накіравала зварот у камісію па памілаваньні, дзе ўказала, напрыклад, на тое, што ў справу да разгляду не былі далучаныя дадзеныя экспэрта па балістыцы з 30-гадовым стажам. Згодна з той экспэртызай, зь месца, дзе знаходзіўся абвінавачаны, проста фізычна немагчыма было зрабіць тыя стрэлы, у выніку якіх загінулі двое людзей. Таксама прывяла некаторыя іншыя зьвесткі, якія б маглі сьведчыць, што абвінавачаны, па ўсёй верагоднасьці, не ўчыняў забойства, хоць і прысутнічаў пры гэтым.
«Многія лічылі, што прысуд вось-вось будзе ажыцьцёўлены. Аднак прэзыдэнт усё ж перагледзеў вырак... Расстрэл быў заменены на пятнаццаць гадоў», — кажа былая дэпутатка.
«Ці напісаў гэты чалавек вам нейкія словы падзякі зь месца адбыцьця пакараньня?»
Абрамава: «Пра што вы кажаце? Пасьля таго, як ён на мяне зіркнуў, я нават і не чакала нейкага ліста са словам „Дзякуй“. Спадзяюся, што хоць прэзыдэнту ён напісаў нейкія словы падзякі... Усё ж яму выратавалі жыцьцё».
Нікому ня дзякаваў
Цяпер памілаванаму прэзыдэнтам Дзьмітрыю Хархалю — 47. Гады тры таму, калі ён ужо быў на волі, журналісту «Эўрарадыё» Зьмітру Лукашуку ўдалося пагутарыць зь ім праз «Скайп». Мяркуючы па тым, што гэта быў канец 2013-га, не пакідае пытаньне, ад якога часу судом былі налічаныя тыя пятнаццаць гадоў зьняволеньня.
Як сьведчыць Зьміцер Лукашук, на гэтую тэму Хархаль не гаварыў. Ён адказваў далёка не на ўсе пытаньні, да таго ж абмежаваў час размовы.
Лукашук: «Ніякіх падзяк ён не гаварыў. Пра Абрамаву дык я ўпершыню ад вас даведаўся. Ён усё ў асноўным пра сябе гаварыў. Што змагаўся, не здаваўся, усё сам... Але ў нас, па шчырасьці, і не было магчымасьці як трэба пагутарыць. Гэта была вельмі абмежаваная па часе размова праз „Скайп“».
«Як у журналіста, які працуе з гукам, голасам, у вас, напэўна, магло скласьціся нейкае псыхалягічнае ўражаньне пра суразмоўцу. Ці зьвярнулі вы ўвагу на нейкія ягоныя інтанацыі, паўзы, эмацыйныя рэакцыі, якія б дазволілі меркаваць, шчыры гэта чалавек ці не?»
Лукашук: «Зьмяшаныя пачуцьці. У пэўных пытаньнях ён быў шчыры, у нейкіх — не... Вельмі складана ўсё. Адчуваньне пасьля размовы было хутчэй дваістае. З аднаго боку, добра, што чалавека не расстралялі, што ў яго зьявіўся шанец жыць далей... Аднак такой стоадсоткавай упэўненасьці ў тым, што ўсё было так, як ён сказаў, што ён ні ў чым не вінаваты, у мяне няма».
«Паводле некаторых сьведчаньняў, за кратамі гэты чалавек нібыта прыйшоў да веры...»
Лукашук: «Ведаеце, падчас працы над артыкулам я шукаў ягоныя фоты, а таму наведваў розныя сацыяльныя сеткі, дзе былі старонкі Хархаля. Нідзе нічога такога зьвязанага зь верай не было. Здымкі былі крыху іншага зьместу».
Сёньня тыя старонкі Хархаля ў сеціве, пра якія кажа Зьміцер Лукашук, збольшага выдаленыя. Здымкі, аднак, можна знайсьці на розных мэдыярэсурсах, бо ў свой час розныя выданьні перадрукавалі іх разам з інтэрвію, якое зрабіў Лукашук.
Чалавек гэты на фота выглядае акуратным, дагледжаным, як вынікае з інтэрвію трохгадовай даўнасьці, пасьля зьняволеньня пачаў жыць па-новаму, зьехаў у Расею, мае там працу, хоча калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь.
Лукашук: «Тады ён мне менавіта так расказваў... Ён казаў, што працуе ў Расеі на будоўлі. Але ж што цяпер зь ім, я ня ведаю. Нумару свайго ён ня даў, каб зь ім можна было пагутарыць. Ён сам пазваніў мне праз „Скайп“, нават не дадаючы мяне ў кантакты. Паразмаўляў, а потым выдаліўся. І ўсё...»
Шанец на жыцьцё павінен давацца кожнаму
Вольга Абрамава пагаджаецца: таму ж Дзьмітрыю Хархалю сапраўды моцна пашанцавала. Але, лічыць яна, шанец на жыцьцё павінен давацца кожнаму.
Абрамава: «Калі б на месцы Хархаля быў нейкі іншы чалавек, у чыёй віне я б ніколькі не сумнявалася, я б усё роўна зьвярнулася да прэзыдэнта з хадайніцтвам аб пераглядзе справы. Абавязкова, калі б была ў той час дэпутаткай, хадайнічала б за Кавалёва. Увогуле, я гатовая і цяпер прадметна прасіць за любога асуджанага на сьмерць, калі ён ці ягоныя родныя зьвернуцца да мяне па маю думку і маю магчымасьць дапамагчы. Бо лічу, што сьмяротнае пакараньне павінна быць адмененае».
Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў пагаджаецца з колішнім начальнікам «Валадаркі» Алегам Алкаевым, які лічыць:
«Калі хочам захаваць чалавеку жыцьцё, то трэба стукацца не ў брусэльскія дзьверы, а ў дзьверы Адміністрацыі прэзыдэнта. Менавіта ля гэтых дзьвярэй трэба дзяжурыць. Такія правілы існаваньня пры дыктатуры, хочам мы таго і не».
«Сапраўды, — кажа Абрамава, — такое пытаньне, як адмена сьмяротнага пакараньня, павінна вырашацца тут, у краіне. Досьвед тых, хто хадайнічае наконт гэтага ў міжнародных арганізацыях, сьведчыць: на жаль, у нашых спэцыфічных умовах гэта дае толькі адмоўныя вынікі... Так здарылася і пяць гадоў таму, калі было прынятае надзвычай несправядлівае рашэньне ў дачыненьні да таго ж Уладзіслава Кавалёва. Але ж здымаць адказнасьць за гэта з улады ніяк нельга. Што гэта за ўлада, якая ня можа прыняць адэкватнага рашэньня?!»
У інстытуце прэзыдэнцкага памілаваньня Абрамава бачыць тую "адзіную прамежкавую меру, якая павінна даваць асуджанаму на сьмерць нейкую надзею. Іншай альтэрнатывы пры існаваньні сьмяротнага пакараньня няма.