5 сакавіка акцыя пройдзе ў Берасьці, 10 сакавіка — у Маладэчне, 11 сакавіка — у Пінску, 12 сакавіка — у Бабруйску, Воршы і Рагачове, 15 сакавіка — у Горадні, Магілёве і Менску.
Паводле сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, гэты ня поўны сьпіс заплянаваных акцыяў — цяпер вядуцца каардынацыйныя перамовы пра правядзеньне маршаў «Мы не дармаеды» ў Віцебску, Слуцку, Сьветлагорску і Лідзе.
«Ва ўсіх гарадах мы раім не праводзіць акцыі 25 сакавіка, каб усе ахвотныя маглі далучыцца да сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску. Мы спадзяёмся, што геаграфія будзе шырыцца, да канца сакавіка акцыі адбудуцца ў вялікай колькасьці гарадоў Беларусі. Спыніць акцыі пратэсту сёньня ў Беларусі проста немагчыма», — сказаў Віталь Рымашэўскі.
Усе акцыі кампаніі «Мы не дармаеды» маюць тры асноўныя пасылы. Іх агучыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька:
«Людзі выходзяць на вуліцу, прымаюць рэзалюцыі і фармуюць патрабаваньні. Першае — адмена дэкрэту № 3. Другое — зьмяненьне эканамічнага курсу, новая эканамічная мадэль, стварэньне новых працоўных месцаў, разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, ліквідацыя кантрактнай сыстэмы. Трэцяе — разгляд на веснавым пасяджэньні ў Палаце прадстаўнікоў прапанаваны дэмакратычнай супольнасьцю праект зьменаў у Выбарчы кодэкс, каб вярнуць людзям права выбару. Калі ўсе гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя цягам вясны-2017, мы прагназуем радыкалізацыю сытуацыі, у межах якой на першае месца выйдуць палітычныя патрабаваньні — адстаўка Лукашэнкі і ўраду, а таксама складаньне паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў».
Мечыслаў Грыб, які прадстаўляе ў аргкамітэце БСДП (Грамада), патлумачыў, на чым грунтуюцца патрабаваньні маршаў «Мы не дармаеды» зь юрыдычнага пункту гледжаньня:
«Марш плянуецца мірным, прыйдуць людзі, якія маюць права выказаць свае думкі. Што тычыцца заканадаўства, то дэкрэт № 3 не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паводле цэлага шэрагу пазыцыяў. Самае галоўнае тое, што прымусовая праца не дазваляецца. Яна дазваляецца, толькі калі гэта рашэньне суду ці надзвычайны стан у дзяржаве. У нас няма ні таго, ні другога».
Першы намесьнік старшыні Партыі Зялёных Зьміцер Кучук адзначыў, што «Маршы недармаедаў», вулічныя акцыі пратэсту — адзіны спосаб прымусіць уладу пачуць людзей:
«Гэта адзіная магчымасьць адмяніць дэкрэт № 3. Улады штурхаюць людзей на вуліцу. На жаль, улады рэагуюць на вулічную актыўнасьць. Так было ў Котаўцы, так зараз адбываецца ў Курапатах. Вельмі важна, што ўсе партыі ды іншыя арганізацыі выступаюць адным фронтам, з адным пасланьнем».
Кучук дадаў, што ўсім удзельнікам акцыяў будуць раздаваць улёткі «Я не дармаед!», якія павінны стаць знакам салідарнасьці з тымі, хто трапіў пад дзеяньне дэкрэту.
Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч нагадаў, што кампанія «Мы не дармаеды» пачалася са збору подпісаў і юрыдычных кансультацыяў, але цяпер выйшла на ўзровень вулічнай актыўнасьці:
«На першым этапе пратэсту мы сабралі калі 100 тысяч подпісаў па ўсёй Беларусі. Але відавочна, што такія дзеяньні не ўспрымаюцца ўладамі. Улада справакавала выхад людзей на вуліцу. І аказалася, што людзі выйдуць масава ў рэгіёнах. Гэта важны індыкатар, у рэгіёнах людзі больш запалоханыя, але тысячамі выходзяць на вуліцу. Цяпер выглядае, што ўлады спрабуюць задушыць пратэст рэпрэсіямі, выклікаюць арганізатараў, робяцца прэвэнтыўныя затрыманьні: напрыклад сёньня, 2 сакавіка, двойчы быў затрыманы актыўны зьбіральнік подпісаў супраць дэкрэту Аляксандар Кабанаў. Яму прад’явілі абвінавачваньне ў хуліганстве. Гэтая спроба не дазволіць яму трапіць на сустрэчу ў Івацэвічах, а таксама трапіць на марш у Берасьці 5 сакавіка. У бліжэйшыя гадзіны яго чакае суд».
Сябры аргкамітэту агучылі супольную заяву з нагоды рэпрэсіяў супраць актыўных барацьбітоў з дэкрэтам № 3.