Беларусь — Польшча: 25 гадоў адлігаў і замарозак стасункаў

Ілюстрацыйнае фота. Кіраўнікі МЗС Польшчы і Беларусі Анджэй Аляхоўскі і Ўладзімер Сянько ў таварыстве амбасадара Эльжбеты Смулковай, супрацоўнікаў МЗС Беларусі і польскай амбасады. 1994 год

2 сакавіка спаўняецца 25 гадоў з дня ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю. Міністар замежных спраў Польшчы Кшыштаф Скубішэўскі і міністар замежных спраў Беларусі Пётар Краўчанка 2 сакавіка 1992 году ў Варшаве падпісалі адпаведнае пагадненьне. Да таго, 31 жніўня 1991 году, Польшча стала першай краінай сьвету, якая прызнала незалежнасьць Беларусі.

Першым амбасадарам Беларусі ў Польшчы стаў Уладзімер Сянько, а першай амбасадаркай Польшчы ў Беларусі — Яніна Эльжбэта Смулэк (Эльжбэта Смулкова).

Чытаць кнігу Валера Каліноўскага «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні».

Тагачасны кіраўнік дзяржавы, старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч кажа, што цалкам лягічна было ўсталёўваць стасункі ў першую чаргу менавіта з бліжэйшымі суседзямі:

«Мы імкнуліся ўсталёўваць адносіны з усімі краінамі, але з суседзямі — найперш. Мне наагул працаваць з палякамі было вельмі проста, бо я добра ведаю польскую мову, гісторыю. Я добра ведаю і пані Эльжбэту Смулкову, і па сёньняшні дзень мы зь ёй кантактуем, сябруем».

За гэтыя 25 гадоў паміж дзьвюма суседнімі краінамі былі пэрыяды надзвычай цёплых адносінаў, былі і пэрыяды часовых непаразуменьняў і напружанасьці, калі дзяржавы адклікалі сваіх амбасадараў.

Цяпер экспэрты адзначаюць пацяпленьне ў беларуска-польскіх адносінах. Пра гэта сьведчаць і сустрэчы міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы Ўладзімера Макея і Вітальда Вашчыкоўскага, візыт у Беларусь маршалка польскага Сэйму Станіслава Карчэўскага, удзел у Беларуска-польскім эканамічным форуме віцэ-прэм’ера Польшчы Матэвуша Маравецкага. Месяц таму дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі на чале зь віцэ-сьпікерам Баляславам Пірштуком наведалі польскі Сэйм.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч выказаў сваё непаразуменьне наконт пэўных візытаў:

Станіслаў Шушкевіч

«Мне ня вельмі падабаецца такое шчыльнае супрацоўніцтва, да прыкладу, на парлямэнцкім узроўні. Бо цяперашняя Палата прадстаўнікоў — гэта не парлямэнт. Я выказаў гэта і міністру замежных спраў Польшчы Вітальду Вашчыкоўскаму, і намесьніку маршалка Сэйма, і прадстаўніку адміністрацыі прэзыдэнта. Мне не падабаецца пазыцыя Польшчы, не падабаецца зьмена праграмы Каліноўскага. Стасункі на дзяржаўным узроўні — яшчэ куды б ні ішло, ёсьць улада, якая рэальна існуе. Але ж стасункі на парлямэнцкім узроўні — гэта ж нелягічна: Польшча і АБСЭ не прызнаюць свабоднымі і дэмакратычнымі парлямэнцкія выбары ў Беларусі. Навошта запрашаць тых, хто да ўлады ня мае ніякага дачыненьня, толькі, так бы мовіць, „сьпявае хорам“, падтрымлівае ўсё на сьвеце? Я лічу, што гэта недапушчальна».

***

У даваенны час у Менску дзейнічала Генэральнае консульства Рэспублікі Польшча, якое падпарадкоўвалася амбасадзе ў Маскве. Установа працавала да 1939 году, яе апошнім кіраўніком быў Казімеж Рудзкі. З 1972 году ў Менску дзейнічала таксама Генэральнае консульства ПНР.

25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет тагачаснай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі абвясьціў пра незалежнасьць. 31 жніўня Парлямэнт Польшчы прыняў пастанову, у якой адзначалася, што «Сэйм Рэспублікі Польшча з радасьцю вітае абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, якое стала «рэалізацыяй памкненьняў беларускага народу». 10 кастрычніка 1991 году была падпісаная Дэклярацыя аб добрасуседзтве, узаемаразуменьні і супрацоўніцтве. Пасьля распаду СССР, 2 сакавіка 1992 году, былі ўсталяваныя дыпляматычныя адносіны паміж Польшчай і Беларусьсю. 23 чэрвеня 1992 году прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса і старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч падпісалі ў Варшаве Дамову аб добрасуседзтве і супрацоўніцтве.