Ёсьць старая показка пра бабулю, якая плакала ад навінаў па беларускім тэлебачаньні і казала, што хоча жыць у той Беларусі, якую бачыць у тэлевізары. Я прачытала «Нацыянальны плян дзеяньняў па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці ў Рэспубліцы Беларусь на 2017-2020 гады» і цяпер адчуваю сябе падобнай да той бабулі.
Міт пра Беларусь як краіну гендэрнай роўнасьці разбураецца практычна імгненна.
Толькі ўсё больш складана, чым у показцы, бо назваць Нацыянальны плян адназначна прывабным ну ніяк нельга. Па сутнасьці, ён складаецца з прыгожых апісаньняў таго, як у Беларусі ўжо пануе гендэрная роўнасць, і з прапановаў зрабіць нас «яшчэ раўнейшымі». Але калі чытаць дакумэнт не «па дыяганалі» і крытычна разьбіраць пададзеную інтэрпрэтацыю статыстычных дадзеных, дык міт пра Беларусь як краіну гендэрнай роўнасьці і нават панаваньня фэмінізму разбураецца практычна імгненна.
Месцамі даходзіць да абсурду: Каб падмацаваць ідэю «роўнай» Беларусі у дакумэнце кажуць пра тое, што «на ўзроўні прыняцьця рашэньняў» забясьпечана трыццаціпрацэнтнае прадстаўніцтва жанчын. Не, я ўсё разумею: лідэрства мусіць быць у сапраўды моцных асобаў незалежна ад полу, а забясьпечыць ідэальна роўныя 50% можна хіба што падтасоўкамі. Але ў сапраўды роўных умовах прадстаўніцтва будзе захоўвацца ў межах 45-55%. А выдаваць той факт, што кожнае трэцяе дэпутацкае месца ў Беларусі займае жанчына, за гендэрную роўнасьць — несправядліва і абуральна. І тыя чыноўніцы і чыноўнікі, якія не могуць адрозьніць па моцы ўплыву 30 і 70 адсоткаў, мусяць аднымі з першых пакінуць свае працоўныя месцы.
Прыняты дакумэнт вельмі шматпрофільны: дзяржава абяцае дапамагаць у выпадку беспрацоўя; арганізоўваць навучаньне міліцыянтаў, як тыя мусяць паводзіць сябе з ахвярамі хатняга гвалту; расказваць моладзі пра ВІЧ; прааналізаваць заканадаўства на дыскрымінацыйнасьць (нядаўна, праўда, ужо аналізавалі), падумаць пра заснаваньне сьвята «Дзень бацькі» і, вядома ж, скарачаць аборты. Якая ж гендэрная роўнасьць без скарачэньня абортаў!
Адказнымі за фактычную адмову жанчынам у мэдычнай дапамозе прызначаныя Міністэрства аховы здароўя, Менскі гарвыканкам і Беларуская праваслаўная царква.
У Нацыянальным пляне ёсьць разьдзел, які называецца «Забесьпячэньне гендэрна-арыентаванай аховы здароўя». У тых фармулёўках, якія выкарыстоўваюцца ў дакумэнце, мерапрыемствы выглядаюць збольшага прыстойна і нават карысна, але ёсьць адна зьява, сапраўдны сэнс якой не схаваць за прыгожымі словамі, і якой абсалютна не месца ў пляне па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці: гэта акцыя «За жыцьцё», адзіная афіцыйная мэта якой — скарачэньне колькасьці абортаў. Адказнымі за фактычную адмову жанчынам у мэдычнай дапамозе прызначаныя Міністэрства аховы здароўя, Менскі гарвыканкам і Беларуская праваслаўная царква.
Гэтая акцыя — не навіна для беларускіх жанчын. У 2016 годзе, напрыклад, у Гарадзенскай лякарні хуткай дапамогі не рабілі аборты на працягу двух месяцаў. Яшчэ ў гэтай лякарні быў паказ фільму «пра шкоднасьць абортаў», а пасьля прагляду выступалі «спэцыялісты», сярод якіх былі каталіцкі і праваслаўны сьвятар.
Ці вы калі-небудзь чулі пра мэдыкаў, якія рэклямуюць апэрацыі ў цэрквах?
У мяне ёсьць два пытаньні. Па-першае, да чаго тут увогуле гендэрная роўнасьць? Забарона (нават часовая) абортаў і стыгматызацыя жанчын, якія рабілі гэтую працэдуру, — найгоршае, што можна зрабіць у гэтай сфэры. Па-другое, ці вы калі-небудзь чулі пра мэдыкаў, якія рэклямуюць апэрацыі ў цэрквах?
Проста ўявіце: прыходзіць чалавек у храм памаліцца за хворую на анкалёгію маці, а яго побач зь месцам продажу сьвечак перахоплівае доктар мэдычных навук і кажа, што варта адмовіцца ад цемрашальства і зьвярнуцца да сучаснай мэдыцыны. І што калі чалавек траціць час на малітвы замест пошуку найлепшых мэдыкаў і псыхолягаў, то ён фактычна забівае сваю маці. І ўявіце, што такія акцыі праводзяцца па ініцыятыве дзяржавы.
Беларуская дзяржава ініцыюе акцыі, скіраваныя супраць жанчын.
Але ў рэальнасьці беларуская дзяржава ініцыюе акцыі, скіраваныя супраць жанчын, і цынічна называе гэта мерапрыемствамі па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці.
Дык вось, нешаноўнае беларускае чынавенства, запомніце ўжо нарэшце: у чыім целе маціца і эмбрыён, тая і вырашае, што з гэтым усім рабіць. А вы пераставайце ўжо выдаваць свае таталітарныя замашкі за клопат пра здароўе нацыі. Непраўдападобна.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.