Колькі палягло ў Курапатах — трэба шукаць на Лубянцы

Днямі я зьмясьціў у фэйсбуку здымкі з кнігі Зянона Пазьняка «Курапаты». І сярод камэнтароў быў адзін, які нагадаў мне публікацыі ў камуністычнай прэсе канца 80-пачатку 90-х, у якіх зацята абвяргалася і колькасьць расстраляных, і нават сам факт савецкіх рэпрэсій.

Аўтарамі іх, пераважана, былі вэтэраны, лексыка ў іх была — усё роўна што з судовых працэсаў 30-х, — аўтар жа камэнтара быў зусім не стары чалавек, і словы, як выглядала, падбіраў карэктна. І ўсё ж — было нешта агульнае.

А менавіта — перакананьне, што Курапаты — падман.

Спачатку былі пытаньні, прыводжу на мове арыгіналу.

«Шаноўны спадар. Можно ли узнать: 1. Какое количество жертв(останков) было найдено на территории Коропат? 2. Сколько было найдено после 1988 года? 3 найдены были останки во время стпоительства МКАД 4 планируете, если стройку отменят вести раскопки на месте стройки? Дзякуй»

Прызнацца, не зьбіраўся адказваць, бо за нібыта шчырай цікаўнасьцю — праглядалася даволі неблагая дасьведчанасьць аўтара пытаньняў (многія нават з абаронцаў Курапатаў ня ведаюць даты правядзеньня раскопак, мой візаві яе назваў дакладна). Адчуваўся і падтэкст у кожным пытаньні (Вы кажаце пра колькасьць ахвяраў да 200 тысячаў — вы можаце паказаць парэшткі ўсіх? Раскопкі спынілі ў 1988 — дамагліся палітычнага эфэкту і кінулі? А што, калі на месцы цяперашняга будаўніцтва ня знойдзецца парэшткаў забітых? Ну і гэтак далей).

Тым ня менш, адказаў:

«Пра ўсё гэта даволі падрабязна сказана і напісана — Вы можаце зьвярнуцца да крыніцаў, спасылак у Інтэрнэце хапае. Магу толькі сказаць, што у 1992 годзе мне старшыня КДБ Шыркоўскі колькасьць ахвярау ў 200 тысяч — не абвяргаў. Але дакладнай колькасьці сёньня не назаве ніхто. Наконт раскопак — я ня прэзыдэнт РБ і не Акадэмія навук. Маё перакананьне — там даўно ўсё даказана, трэба даць спакой забітым. Гэта павінна быць мэмарыяльнае недатыкальнае месца».

І на гэтыя свае словы атрымаў камэнтар:

«Карацей, Куропаты это міф. Куропаты только на бумаге. Карацей Курапаты дышать с предыханием. Да у нас вся Беларусь с предыханием. Выходит ни кто ответить не может ясно, только свято воздыхать. Факты в википедии. Остальное к Президенту и к КГБ. Беларусы это что то романтическое. Да поляки всю Катынь перепахали. Спасибо».

Адказ на пытаньне, колькі палягло ў Курапатах, трэба шукаць не ў Курапатах.

Архівы Лубянкі да канца не раскрытыя, і самы раньні засакрэчаны дакумэнт датуецца... 1918 годам. Уявіце, што ў сучасным Бэрліне архівы Гестапа альбо Штазі да гэтага часу маюць грыф «сакрэтна».

Але галоўнае пра Курапаты мы ведаем — яно было раскрыта Пазьняком у 1988 годзе, пацьверджана ўрадавай камісіяй яшчэ ў БССР, даказана генэральнай пракуратурай і ў часы камуністаў, і ў гады Адраджэньня, і нават пры Лукашэнку: ва ўрочышчы ляжаць ахвяры бальшавіцкіх рэпрэсій.

І там сапраўды варта дыхаць так, як у сьвятым месцы. З прыдыханьнем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.