Навуковую групу ў Інстытуце гісторыі, якая займалася гісторыяй палітычных рэпрэсій, скасавалі пасьля 1996 году

Фота з раскопак у Курапатах

Мы працягваем знаёміць з публікацыямі з архіву Свабоды, прысьвечаным Курапатам. 15 гадоў Свабода пагутарыла з археолягам Алегам Іовам, які браў удзел у раскопках у Курапатах у 1988 годзе разам з Зянонам Пазьняком і Міколам Крывальцэвічам.
Навуковая група ў Інстытуце гісторыі, якая займалася гісторыяй палітычных рэпрэсій, была скасаваная пасьля 1996 году.

Цягам рэканструкцыі Менскай кальцавой дарогі ля ўрочышча Курапаты археолягі Інстытута гісторыі назіраюць за ходам земляных работаў. Галоўным чынам гэтым займаецца старэйшы навуковы супрацоўнік інстытуту археоляг Алег Іоў.

Іоў: Да вясны будаўнікі павінны зрабіць яшчэ дзьве працы, якія зьвязаныя зь землянымі работамі. З правага боку дарогі, бліжэй да гораду будзе праводзіцца вадавод, і невялікая траншэя будзе рабіцца пад калектарам, каб сьцякала вада да трубы, якую зараз ужо праклалі. І на пляцоўцы ля Крыжа Пакутаў таксама будзе зроблены невялікі калектар, троху ўздымуць узровень грунту. І потым, калі будут ставіцца падпорныя сьценкі, вялікіх працаў ня будзе, але трэба паглядзець, як гэта будуць рабіць.

Алег Іоў браў удзел у раскопках у Курапатах разам зь Зянонам Пазьняком. Тады археалягічныя раскопкі ініцыявала пракуратура пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка "Курапаты – дарога сьмерці". Паводле Алега Іова, адмысловыя археалягічныя раскопкі дзеля пошуку масавых пахаваньняў і вызначэньня імёнаў ахвяраў палітычных рэспрэсіяў у Беларусі дагэтуль не праводзіліся.

Іоў: Як польскія навукоўцы ў Катыні ды іншых месцах рабілі адмысловыя археалягічныя дасьледваньні месцаў рэпрэсіяў. У нас жа ані спэцыяльна, ані мэтанакіравана мы там не капалі. Мы капалі ў сувязі са сьледзтвам, і былі прыцягнутыя туда як спэцыялісты, як экспэрты. Але адмысловых раскопак не было, не вялося, і не вядзецца зараз.

Карэспандэнтка: Ніколі не было ў гісторыі Беларусі?

Іоў: Не, ніколі.

Карэспандэнтка: А калі параўнаць з польскім, расейскім ці ўкраінскім досьведам...

Іоў: Украінцы вялі. Ва Ўкраіне знайшлі месца, дзе быў пахаваны брат Янкі Брыля. Там такія дасьледваньні вяліся, не ў сувязі са сьледзтвам, а усё ж мэтанакіравана. А ў нас не, хаця месцы ёсьць, якія можна было б дасьледваць.

Карэспандэнтка: Якія?

Іоў: Лошыца, у Менску некалькі такіх месцаў. Калі тут быў яшчэ Зянон Станіслававіч, хацелі раскапаць, прашурфаваць Лошыцу. Але буквальна за дзень да таго, як мы туды зьбіраліся, гэтае месца засыпалі гравіем і пабудавалі там гараж!

Карэспандэнтка: У якіх месцах у Беларусі цяпер можна й варта правесьці археалягічныя раскопкі, каб дасьледваць месцы масавых пахаваньняў?

Іоў: Практычна кожная турма. Дзе былі турмы, там растрэльвалі. Гэта Вілейка, Горадня. Асабліва 41 год, калі пачалася вайна, усе палітычныя, якія там былі, усе загінулі каля турмы. Я ведаю, што каля Пінску ёсьць такія месцы...

Наступная мая суразмоўца – старэйшая навуковая супрацоўніца Інстытута гісторыі Валянціна Вяргей. Паводле яе, толькі цяпер межы курапацкага ўрочышча будуць нанесеныя на мапу Генэральнага пляну разьвіцьця Менску.

Вяргей: Гэты помнік нават ня быў нанесены на Генплян. Зараз гэтыя работы вядуцца. Межы пазначаныя на мясцовасьці. Цяпер стаіць задача вызначыць іхныя каардынаты й зьмясьціць на Генэральным пляне развіцьця Менску.

Валянціна Вяргей распавяла, што раней ў Інстытуце гісторыі працавала навуковая група, якая дасьледвала гісторыю палітычных рэпрэсіяў.

Вяргей: У інстытуце ў нас была група па дасьледваньні палітычных рэпрэсіяў. Зараз яна скасаваная.

Карэспандэнтка: Калі?

Вяргей: Пасьля 1996 году. Яшчэ быў аддзел пры архіўным упраўленьні – зьбіраўся кампутаровы архіў рэспрэсаваных у Беларусі. Зараз звесткі з гэтых кампутаровых архіваў перададзеныя па абласьцях, нават у абласныя публічныя бібліятэкі. Але доступ да іх закрыты, лічыцца, што яны ў распрацоўцы знаходзяцца.

Валянціна Вяргей мяркуе, што трэба наноў ствараць адмысловы цэнтар дасьледваньняў гісторыі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, і менавіта цяперашнія падзеі ў Курапатах могуць паспрыяць гэтаму.

21.01.2002