«Гэта гуманітарная акцыя дапамогі людзям, якія аказваюцца без дакумэнтаў, што сьведчаць асобу, паводле незалежных ад іх прычынах. Украіна адмовілася выдаваць ім новыя пашпарты — і тым, у каго скончыліся тэрміны, і тым маладым людзям, якія дасягнулі ўзросту атрыманьня пашпарта», — сказала амбудсмэн.
Маскалькова патлумачыла, што «ад гэтых дакумэнтаў залежыць усё — мэдычная дапамога, адукацыя, сацыяльныя льготы і гарантыі». «Таму Расея зрабіла такі крок. Я лічу, што гэта вымушаная і вельмі правільная гуманітарная акцыя», — патлумачыла Маскалькова.
Адначасова вярхоўны камісар ААН у справе ўцекачоў Філіпа Грандзі заявіў у інтэрвію газэце «Камерсант», што жыхарам Данбасу патрэбныя пашпарты:
«З аднаго боку, важна, каб у людзей былі дакумэнты. Але, зь іншага боку, нельга, каб рабіліся крокі, якія ўскладняюць менскі мірны працэс. Я не кажу, што гэта такі крок, калі ласка, не зразумейце мяне няправільна. Але трэба памятаць, што галоўная задача дамагчыся ўрэгуляваньня», — сказаў Грандзі.
18 лютага Ўладзімір Пуцін падпісаў указ «Аб прызнаньні ў РФ дакумэнтаў і рэгістрацыйных знакаў транспартных сродкаў, выдадзеных грамадзянам Украіны і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыях асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны». Дэ-факта гэтыя дакумэнты прызнаваліся яшчэ з 2015 году, аднак, згодна з тэкстам указу, прызнаньне дакумэнтаў — гэта часовая мера «на пэрыяд да палітычнага ўрэгуляваньня сытуацыі» на падставе Менскіх пагадненьняў.
З гэтага часу для ўезду ў Расею жыхарам так званых «ДНР» і «ЛНР» будзе дастаткова пасьведчаньня асобы.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка раней заявіў, што лічыць гэтае рашэньне прэзыдэнта РФ «парушэньнем міжнароднага права» і «дэ-факта, адмовай ад Мінскага працэсу, паколькі гэтыя крокі несумяшчальныя з выкананьнем Менскіх дамоўленасьцей».