Кіраўнік працоўнай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацы з парлямэнтам Польшчы Анатоль Навумовіч пракамэнтаваў правядзеньне маршу ў памяць «праклятых салдат», які адбыўся 26 лютага 2017 году ў Гайнаўцы.
Беларускі дэпутат заявіў, што ў Нацыянальным сходзе зь вялікім жалем успрынялі навіну аб паўторным правядзеньні ў польскім горадзе Гайнаўка праварадыкальнага маршу з мэтай гераізацыі асобных дзеячаў польскага падпольля 1940–1950-х гадоў, вядомых як «праклятыя салдаты»:
«Нельга ігнараваць гістарычную праўду аб тым, што на сумленьні некаторых з гэтых дзеячоў —— дзясяткі мірных жыхароў Падляшша, якія былі зьнішчаныя толькі таму, што належалі да беларускага этнасу. У прыватнасьці, лічу нялішнім нагадаць, што адзін з такіх „палявых камандзіраў“ — Рамуальд Райс па клічцы Буры — аддаў загад аб зьнішчэньні 60 беларускіх вёсак, у тым ліку аб спальваньні жывымі жыхароў вёскі Заляшаны. Хачу нагадаць, што органамі судовай улады Рэспублікі Польшча дзеяньні Райса былі афіцыйна прызнаныя генацыдам.
Правядзеньне маршу, які ўсхваляе падобных ваенных злачынцаў, у Гайнаўцы — горадзе зь беларускай этнічнай большасьцю —— зьяўляецца, на маю думку, цынічнай правакацыяй, накіраванай на штучнае распальваньне варожасьці паміж беларусамі і палякамі, нагнятаньне напружанасьці на нацыянальнай і канфэсіянальнай падставе».
Кіраўнік беларускай групы заклікаў польскіх калегаў-парлямэнтароў катэгарычна асудзіць падобныя правакацыі і процідзеяць ім у далейшым.
Свабода ўчора паведамляла пра гэты марш.