Таргі прайшлі на амэрыканскім аўкцыёне Heritage Auctions на працягу двух дзён, паведамляе інфармацыйнае агенцтва ТАСС.
Камандны залаты мэдаль Алімпіяды 1972 году ў Мюнхэне быў прададзены за $ 66 000, золата гэтых жа гульняў у вольных практыкаваньнях — за $ 52 800, срэбра ў практыкаваньні на брусах — за $ 24 600. Каманднае золата гульняў 1976 году ў Манрэалі каштавала $ 57 600, срэбра за практыкаваньні на бервяне — $ 24 600. З улікам прэміі аўкцыённаму дому 20% Корбут атрымае $ 183 000.
Таксама былі прададзеныя гімнастычны купальнік, у якім яна выступала ў Лёндане ў 1973 годзе ($ 3 000), яе аўтограф на вокладцы часопіса SportsIllustrated з яе выявай ($ 49). Яшчэ 26 лотаў гімнасткі застаюцца даступнымі для пакупкі.
У 1991 годзе Вольга Корбут разам з мужам — салістам ансамбля «Песьняры» Леанідам Барткевічам — і сынам Рычардам паляцела ў ЗША.
У 2000-м гімнастка разьвялася з мужам: Барткевіч вярнуўся ў Беларусь, ажаніўся. Да гэтага часу ён займаецца музыкай. Вольга ў тым жа 2000-м атрымала пашпарт грамадзянкі ЗША. У 2002 годзе былая спартоўка трапілася на крадзяжы прадуктаў у супэрмаркеце, прычым агульная сума скрадзенага не дацягвала нават да 20 даляраў. Праз пару месяцаў у турму трапіў сын Рычард, арыштаваны за выраб фальшывых грошай. У выніку хлопца дэпартавалі ў Беларусь, Корбут жа засталася ў ЗША.
За сваю кар’еру Корбут заваявала шэсьць алімпійскіх узнагарод — чатыры залатыя мэдалі і два срэбныя. Яна першай у сьвеце выканала ўнікальны элемэнт, які пазьней назвалі ў яе гонар — «пятля Корбут».