З кіраўніцтва Гомельскага тлушчавага камбінату патрабуюць аплаціць 51 тысячу рублёў шкоды

Навабеліцкі раённы суд

Навабеліцкі раённы суд Гомелю 27 лютага распачынае разгляд незвычайнага пазову гарадзкой пракуратуры ў інтарэсах адкрытага акцыянэрнага таварыства «Гомельскі тлушчавы камбінат».

Адказьнікамі ў справе выступаюць 33 работнікі камбінату, у тым ліку былыя дырэктары таварыства Ўладзімер Ярмолік, Дзьмітры Бабундзін, намесьнікі дырэктара ў камэрцыйных пытаньнях Тацяна Паляйчук, у пытаньнях вытворчасьці — Алена Гусак.

Пракуратура патрабуе, каб былыя і цяперашнія работнікі агулам кампэнсавалі акцыянэрнаму таварыству 51 тысячу рублёў шкоды.

У пазове пракуратуры, падпісаным намесьніцай пракурора гораду Ірынай Макарэвіч, у прыватнасьці, сказана:

«Выяўленыя парушэньні праз акт праверкі ААТ „Гомельскі тлушчавы камбінат“ ад 26. 02. 2016 году сьведчаць пра адсутнасьць належнага кантролю як з боку кіраўніцтва, так і з боку намесьнікаў дырэктара за сваімі падначаленымі, што паслужыла адной з прычынаў нанясеньня шкоды таварыству».

Пракуратура вызначыла, што чацьвёра кіраўнікоў мусяць сплаціць 30 адсоткаў учыненай шкоды, астатнія 70 адсоткаў — таваразнаўцы, тэхнолягі, спэцыялісты па якасьці, лябаранты, кладаўшчыкі.

На прадпрыемстве, як лічыць пракуратура, сыравіна і матэрыялы закупаліся без уліку рэальных патрэбаў вытворчасьці, умовы іх захаваньня не адпавядалі нормам, адсутнічаў належны кантроль за станам сыравіны, своечасова лішкі не выяўляліся. Харчовыя дабаўкі-араматызатары, куркумін, аўсянка «Экстра», кава молатая «Жакей» па-ўсходняму, аснова для мыла, алей аліўкавы і нават мінэральная вада «Фрост» — усё гэта залежваліся на складах, прыходзіла ў непрыдатнасьць. З гэтага, паводле пракуратуры, і складвалася найперш асноўная шкода.

«Работнікаў і да гэтага прымушалі кампэнсаваць страты»

Гомельскі тлушчавы камбінат — найбуйнейшае ў Беларусі прадпрыемства галіны. Тут працуе звыш 700 чалавек. Калектыў вырабляе фасаваны сланечнікавы і рапсавы алей, маргарын, кандытарскі й хлебапякарны тлушч, маянэз, кетчупы, туалетнае і гаспадарчае мыла.

У папярэднія гады тут праводзілі мадэрнізацыю мылаварнага цэху, стварылі цэх рафінацыі й дэзадарацыі алею. Аднак істотнага павелічэньня выпуску прадукцыі гэта не прынесла.

Камбінат мае статус акцыянэрнага таварыства, асноўная доля акцыяў належыць дзяржаве — 99,43 адсотка.

Два з паловай гады таму дзяржава спрабавала прадаць пакет акцыяў гэтага таварыства ў межах «народнага ІРО» (Initial Public Offering) — першага публічнага продажу акцый таварыства сярод неабмежаванага кола асобаў. Аднак рэалізаваць удалося меней за адсотак ад меркаванага аб’ёму. Інвэстараў, праўдападобна, напалохала рэзкая зьмена прыбытковасьці камбінату на мільярдныя страты.