Пра гэта ён сказаў у інтэрвію Свабодзе ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі падчас адкрыцьця выставы твораў са сваёй калекцыі «Радзівілы: лёсы краіны і роду»
— Летам 2016 году вы прыяжджалі ў Менск, каб паведаміць, што сям’я вырашыла перазахаваць парэшткі вядомай беларускай мэцэнаткі Магдалены Радзівіл у Менску. На якім этапе цяпер гэтая ідэя?
— Мы напісалі пісьмо ў Міністэрства замежных спраў, пакуль чакаем адказу. Ужо праведзеная эксгумацыя Магдалены Радзівіл у Швэйцарыі. Мы гатовыя перазахаваць яе ў Чырвоным касьцёле, побач зь якім яна жыла ў Менску. Для нас вельмі важна, каб гэтая падзея, гэтае пахаваньне стала важнай народнай падзеяй, а не палітычнай. Пакуль чакаем адказу зь беларускага боку. Мы са свайго боку зрабілі ўжо ўсё магчымае.
— Як вы ацэньваеце польска-беларускія дачыненьні на гэты момант?
— Стасункі сталі нашмат лепшыя, адбываецца шмат візытаў. Клімат будзе паляпшацца. Вось гэтая выстава, перапахаваньне Магдалены Радзівіл, якое, я спадзяюся, адбудзецца ў Менску, — усё гэта добрыя аказіі, каб сувязі паміж нашымі краінамі ўмацаваліся.
— Ці ведаеце вы, што адбываецца каля Менску ў Курапатах? Як ставіцеся да гэтага будаўніцтва?
— Я ня вельмі добра ведаю гісторыю гэтага месца, таму наўрад ці магу даць грунтоўны адказ. Але я вельмі спадзяюся, што такое месца заўсёды будзе сьвятым, таму што там загінула вельмі шмат людзей.