Відэаблогер зарабіў на падатку за «дармаедзтва» 15 даляраў

Міхал Лышчык

​Міхал Лышчык з Кобрыні, што на Берасьцейшчыне, атрымаў ад падатковай так званы «ліст шчасьця». Але вырашыў не плаціць гэтага падатку, а ўсе наведваньні падатковай, мясцовага райвыканкаму запісваў на камэру ў тэлефоне і публікаваў на youtube.

У выніку празь некаторы час Міхася вызвалілі ад сплаты падатку. Ягоны відэаблог стаў досыць папулярным у Беларусі:

«Да таго моманту, калі мне прыйшоў так званы „ліст шчасьця“, было гэта яшчэ студзені, я нават ня чуў, што існуе такі дэкрэт. Я чуў пра верагоднасьць узьнікненьня падобнага закону, але ня думаў, што яго прынялі. І вось патрабаваньне заплаціць падатак за тое, што я не працаваў, прывяло да думкі пачаць змагацца за адмену падатку і ўсё гэта трансьляваць на youtube. Шчыра кажучы, даўно думаў пра тое, каб нешта рабіць на гэтым інтэрнэт-канале, нават зарабляць. У выніку відэа з удзелам чыноўнікаў стала ў інтэрнэце даволі папулярным. Некаторыя файлы маюць нават па 50 тысяч праглядаў. Не скажу, што атрымаў шмат грошай за свае фільмы, але дзяржава на мне не зарабіла, а вось я на іх змог зарабіць, няхай гэта 15 даляраў, але ўсё ж грошы».

Паводле Міхала, чыноўнікі заўсёды досыць нэрвова рэагавалі на тое, што іх здымаюць. Але ў большасьці выпадкаў вострых канфліктных сытуацыяў не было:

«Калі бачылі, што я здымаю, то адразу ж гучала патрабаваньне спыніць гэта. Але забараніць відэаздымкі мне не маглі. Потым ужо, праз пару дзён, на дзьвярах кабінэтаў раптам зьявіліся шыльды, маўляў, у сувязі з тым, што ў кабінэтах знаходзяцца службовыя дакумэнты, здымаць забараняецца. Але я ўсё роўна працягваў, і, што цікава, болей на гэта не рэагавалі: відаць, зразумелі, што забараніць мне немагчыма. Але ведаю, што некаторыя таксама спрабавалі рабіць здымкі, але ў іх забіралі тэлефоны, не давалі рабіць відэа».

У выніку Міхала Лышчыка вызвалілі ад аплаты падатку на «дармаедзтва». Але на якой падставе, самому Міхалу пра гэта так і не паведамілі:

«Я нават і ня ведаў, што мяне вызвалілі ад аплаты падатку на дармаедзтва. Даведаўся тады, калі пайшоў у банк і дзеля цікавасьці запытаўся пра сытуацыю з падаткам, бо я заплаціў на рахунак падатковай дзьве капейкі. І мне ў банку сказалі, што сальда рахунку — нуль. Маўляў, я нічога не павінен больш выплочваць. У самой падатковай мне пацьвердзілі, што я ўжо вызвалены ад сплаты падатку. Але мне адмовілі ў прадастаўленьні матэрыялаў у маёй справе. Таму думаю, што вызвалілі ад аплаты гэтага падатку дзеля таго, каб проста не дурыў ім болей галаву».

Акрамя гэтага, падаткавікі празь некаторы час патэлефанавалі да Міхала і прапанавалі яму прыйсьці ды напісаць заяву, каб тыя дзьве капейкі, якія ён заплаціў раней, былі вернутыя.