Народныя майстры і выкладчыкі гурткоў культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кольца Віцебску „Дзвіна“» правялі ў мінулыя выходныя незвычайныя майстар-клясы. Упершыню ў Віцебску прагучала слова «этнатэрапія» — як сродак захаваць і палепшыць здароўе праз заняткі традыцыйнымі народнымі рамёствамі.
Зрэшты, на майстар-клясах вялося не аб прыкладных, ужытковых рэчах, а пра стварэньне сымбалічных прадметаў ды дзіцячых цацак. Бо заняткі для дарослых і маленькіх віцяблянаў былі прымеркаваны да сьвяткаваньня Масьленіцы.
«Масьленіцамі» называюць і саламяных лялек, якія традыцыйна круглы год захоўваліся ў беларускіх хатах. З надыходам вясны іх было прынята спальваць, каб «з дымам» з хаты сышло ўсё кепскае. Прынамсі, так тлумачылі жанчыны, якія навучалі дзяцей і дарослых рабіць такіх лялек. А вялікую ляльку-масьленіцу паставілі ў двары культурна-гістарычнага комплексу, дзе для наведнікаў ладзіліся гульні і канцэрт.
Між тым выраб традыцыйных беларускіх лялек зусім не такая простая рэч, як здаецца на першы погляд. Калі рабіць масьленіцу з ільняных нітак, можна заадно падмацаваць і ўласнае здароўе, тлумачыць Іна Юрчанка, кіраўніца клюбу флярыстаў «Анюта»:
«Для вырабу лялек я падрыхтавала адмысловыя наборы, і ў іх усе матэрыялы розныя паводле тактыльных адчуваньняў. Тут ёсьць гладкая драўляная палачка і шурпатыя ніткі, якія трэба заплесьці ў „коску“, а потым завязаць вузельчыкамі. Значыць, нашы пальцы павінны зрабіць складаную працу, а гэта — дробная маторыка, якая спрыяе актывізацыі дзейнасьці нашага мозгу. А яшчэ тут ёсьць кавалачкі тканіны, яны адрозьніваюцца фактурай ад дрэва і нітак і даюць іншыя тактыльныя адчуваньні. Да ўсяго яны пафарбаваныя ў яркі чырвоны колер. Ён дае радасныя эмоцыі, эмоцыі сьвята».
Нашы продкі ня ведалі слова «этнатэрапія». Але заняткі народнымі рамёствамі, безумоўна, маюць аздараўляльны эфэкт. У гэтым пераканана Людміла Вераб’ёва, якая выкладае ў гуртку пляценьня з саломы і прапануе ахвотным зрабіць саламяную ляльку:
«Салома — гэта прыродны матэрыял, ён акумулюе энэргію. Улетку гэта энэргія сонейка, станоўчая энэргія. Адпаведна, калі чалавек дакранаецца да саломкі, вырабляе нешта зь яе, то атрымлівае станоўчы, пазытыўны зарад. Зноў-такі, і тут прысутнічае дробная маторыка. Мала таго, што пальцы працуюць, часам салома колецца, і тады атрымліваецца своеасаблівы сэанс масажу. Гэта таксама карысна для актывізацыі разумовай дзейнасьці. Прычым як у дзіцячым узросьце, так і ў старым. Нездарма ў беларускіх вёсках такімі лялькамі дзяцей забаўлялі бабкі. А ў бабуляў, вядома, мусіць быць і трохі фізычнай сілы, каб дагледзець унукаў, і добрая памяць, каб памятаць і расказваць усе казкі, сьпяваць песьні».
Лічыцца, што творчая «праца рукамі» выдатна супакойвае нэрвовую сыстэму. Асабліва гэтаму спрыяе лепка з гліны, лічыць керамістка, сябар Саюзу мастакоў Беларусі Людміла Кавальчук:
«Гліна — яна жывая, у адрозьненьне ад плястыліну. Яна „дыхае“, награваецца ў руках. Усім вядома, што яна мае лекавыя ўласьцівасьці. І зь яе можна зрабіць усё, на што здатная фантазія, бо гэты матэрыял ня мае зададзенай формы, як ніткі або салома. Дзеці вельмі любяць бавіцца з глінай, таму што зь яе лёгка нешта зьляпіць. А калі не атрымаецца — скамячыць і пачаць нанова. Трэнуюцца пальчыкі, разьвіваецца фантазія, пачуцьцё формы, мастацкі густ — усё разам».
На ўсе тры майстар-клясы па этнатэрапіі стаялі чэргі. Наведнікі, упершыню пачуўшы пра такія простыя беларускія сакрэты здароўя і даўгалецьця, шчыра зьдзіўляліся: якімі ўсё-ткі мудрымі былі нашы продкі, калі нават забавы ўмелі спалучаць з клопатам пра ўласнае здароўе! Нашчадкам застаецца хіба толькі не забывацца на каштоўную спадчыну ды браць прыклад са сваіх папярэднікаў.