Галоўныя патрабаваньні жыхароў гораду як эканамічнага характару (сярод іх стварэньне працоўных месцаў, прыцягненьне інвэстыцыяў), так і палітычныя. У сьпісе патрабаваньняў ня толькі адмена дэкрэту № 3, скасаваньне кантрактнай сыстэмы, зьніжэньне пэнсійнага ўзросту, адмена дарожнага збору, але і пераход да парлямэнцкай формы кіраваньня дзяржаваю.
Адзін з арганізатараў акцыі Мікалай Чарнавус кажа, што жыхары Баранавічаў ужо гатовыя бараніць свае правы:
«І разам з гэтымі людзьмі мы распрацавалі рэзалюцыю, зь якою зьвернемся да ўладаў. Гэты дакумэнт утрымлівае як эканамічныя, так і палітычныя аспэкты. Сёньня палітыка і эканоміка ўзаемазьвязаныя. Паколькі ў нас разваленая эканоміка, то гэта сьведчаньне таго, што разваленая і палітыка. Цяпер людзі пачынаюць разумець, хто прывёў да развалу ў эканоміцы. Гэта ж не народ вінаваты, а палітыка, кіраўніцтва краіны».
Арганізатары акцыі не спадзяваліся, што ў Баранавічах на мітынг выйдзе гэтулькі людзей. Плошча Леніна была амаль цалкам запоўненая гараджанамі. Падтрымаць жыхароў гораду прыехалі жыхары Ганцавічаў, Бярозы, Івацэвічаў.
Адзін з пратэстоўцаў, які прыйшоў на акцыю з афіцыйным чырвона-зялёным сьцягам, лічыць, што людзей на пратэст павінна выходзіць значна больш:
«У Баранавічах агулам падатковікі накіравалі ажно 11 тысячаў так званых „лістоў шчасьця“. Прынамсі я чуў менавіта такую лічбу. Менавіта столькі людзей у нашым горадзе падпадаюць пад гэты дэкрэт № 3. Але што мы зараз бачым на плошчы — некалькі соцень чалавек. А дзе ж астатнія людзі? Праз гэтую абыякавасьць можа ўтварыцца небясьпечная сытуацыя. Бо калі не спыніць цяпер гэты закон, то налета памер падатку могуць павялічыць удвая. І гэта будзе чарговы этап зьдзеку над народам».
Права выступіць перад прысутнымі меў кожны ўдзельнік акцыі. Найчасьцей людзі казалі пра крызыс у эканоміцы і праблемы з правамі чалавека ў Беларусі. «Гэта сёньня галоўныя праблемы, якія тэрмінова трэба вырашаць», — лічыць жыхарка Бярозы, якая прыехала ў Баранавічы на мітынг:
«Нашыя ўлады проста хлусяць штодня ўсім, з кім маюць кантакты. Але людзі цяпер ужо больш не жадаюць трываць. У нас няма працы, няма правоў, няма будучыні. Мы як адшчапенцы ў сваёй жа краіне. І калі нас ніхто ня чуе, то мусім выходзіць на вуліцы гарадоў і патрабаваць, каб нас ня толькі пачулі, змагацца за свае правы».
Перад прысутнымі спрабаваў выступіць маладзён, які пачаў ганьбіць выступоўцаў, крычаў, што «пустыя словы надакучылі і нічога не дадуць». Але, пачуўшы вельмі непрыхільную рэакцыю людзей, малады чалавек сышоў.
Акцыя цягнулася каля гадзіны, прайшла без затрыманьняў. Арганізатары заклікалі жыхароў Баранавічаў зьбірацца на будучыя маршы пратэстаў у Менску.