Каля 300 чалавек прынялі ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Берасьці. Пратэстоўцы сабраліся на плошчы Леніна, памітынгавалі каля аблвыканкаму і прайшліся шэсьцем па пешаходнай вуліцы Савецкай.
«Не — дэкрэту нумар 3!», «Лукашэнка, сыходзь!», «Баста!» — асноўныя лёзунгі, якія гучалі сёньня на акцыі ў Берасьці. Людзі пачалі зьбірацца на галоўнай плошчы а 12 гадзіне.
Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў прыйшоў з мэгафонам, празь які прамоўцы выступалі перад народам.
У сваёй прамове Аляксандар Кабанаў заклікаў людзей яднацца і выйсьці на плошчу ў Берасьці праз тыдзень, 5 сакавіка. Спадар Кабанаў прапанаваў людзям актыўней распаўсюджваць інфармацыю аб наступнай акцыі праз сацыяльныя сеткі і прапанаваў прагаласаваць за ўтварэньне «Берасьцейскага абласнога камітэту за адмену дэкрэту № 3».
Людзі прагаласавалі, каля 30 удзельнікаў акцыі запісаліся дапамагаць гэтаму камітэту ў правядзеньні наступных акцыяў пратэсту.
Апрача актывістаў на плошчы далі слова і ўсім ахвочым. Людзі выказвалі абурэньне ня толькі дэкрэтам № 3, але і эканамічнай сытуацыяй у цэлым.
У часе мітынгу многія аўтамабілі, якія праяжджалі побач з плошчай, сыгналілі, а людзі выказвалі ім падзяку воплескамі.
Пасьля выступаў на плошчы мітынгоўцы падышлі да прыступак аблвыканкаму, паўтарылі лёзунгі, а актывісты прыклеілі на сьцяну аблвыканкаму плякат з надпісам «Баста!»
Ад аблвыканкаму пратэстоўцы рушылі маршам на пешаходную вуліцу Савецкую. Выгукваючы лёзунгі, яны дайшлі да кінатэатру «Беларусь», дзе пасьля кароткага мітынгу ахвочыя пакідалі подпісы за адмену дэкрэту № 3.
Акцыя доўжылася больш за гадзіну, актывісты пастанавілі сабрацца ў такі ж час праз тыдзень.
У часе акцыі некалькі чалавек былі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах. Міліцыянтаў у форме ў часе маршу заўважана не было, перашкодаў пратэстоўцам не чынілі, інцыдэнтаў ня было.
Папярэдняя акцыя за адмену дэкрэту № 3 адбылася ў Берасьці тыдзень таму, 19 лютага. Тады людзей было меней, каля 100 чалавек. Да гэтага на галоўнай плошчы Берасьця масавыя акцыі пратэсту не адбываліся цягам 6 гадоў, зь сярэдзіны 2011 году, калі тут ладзіліся «маўклівыя акцыі».