Някляеў дапамагае ўсталёўваць намёт

былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў

Паэт, былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў прыехаў у лягер абаронцаў Курапатаў, каб падтрымаць і дапамагчы валянцёрам.

Былы палітвязень разам з актывістамі ўсталёўваў вялікі намёт, у якім будзе больш зручна несьці начныя зьмены ў Курапатах.

«Гэта спроба нарэшце вырашыць, што такое для нас Курапаты. Ці гэта сьвятыня, ці гэта нацыянальная памяць, без якой ня будзе нацыі і народу, ці гэта месца, дзе зямлю можна купіць за хабар, як купіў „Бульбаш-хол“ і гэты новы забудоўшчык, — сказаў Уладзімер Някляеў Свабодзе. — Я думаў, што пасьля першага курапацкага супрацьстаяньня ўлады адумаюцца і зразумеюць сутнасьць пытаньня. Але не, апёкшыся аднойчы на кіпені, яны нават не падзьмулі. Тут усе закладзена — карупцыя, хабар, самаўпраўства. Вось што тут трэба закапаць, у гэтыя ямы, якія мы цяпер з хлопцамі робім. Курапаты — тэма, супраць якой нармальны чалавек нават ва ўладзе не адважыцца пайсьці».



Някляеў выказаў спадзеў, што ўлады адумаюцца і адкруцяць сытуацыю назад:

«Нездарма ўжо і афіцыйныя СМІ — Белта і „Советская Белоруссия“ — сказалі пра тое, што тут пратэстуюць. Безумоўна, гэта вельмі нармальныя сыгналы з таго боку. Паступова каменьчык да каменьчыка, дасьць Бог, складзецца падмурак нашай дзяржавы, які павінен складацца са сьвятыняў».

Сёньня ў Курапаты прыехалі чатыры актывісты з Салігорску, сярод іх Юры Ляшэнка, сябра Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

«Гэтае месца — памяць нашых продкаў, я ня мог зрабіць іначай. У Менску два мільёны жыхароў, калі з кожнага двара выйдзе хоць па адным чалавеку, усе зьменіцца. Але добра, што людзі ёсьць, бачна, што ня ўсе абыякавыя».

На пытаньне, ці цяжка тут стаяць інваліду, Юры Ляшэнка адказвае: «Будзем трымацца, колькі зможам».

***

Каля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» вядзе будаўніцтва офіснага цэнтру.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).