Што такое ілкі і перагон? Куды гульцы кідалі гулу і кацілі булу? З чаго рабілі апуку? Якая старая беларуская гульня нагадвала бэйсбол, гольф і кіданьне дыску? Ці магчыма згуляць у азярод у сучасных умовах? Падборка старых беларускіх спартовых гульняў гарантуе мінімум +10 новых словаў у вашым лексыконе.
1. Апука
Беларуская апука зьлёгку нагадвае папулярны бэйсбол, у які гуляюць больш чым у 120 краінах сьвету. Для яе трэба: дзьве дружыны, біта і невялікіх памераў мячык, назву якога носіць гульня. Каманды «горада» і «поля» стаяць за лініямі на адлегласьці 30-40 мэтраў адна ад адной. Гулец адной з камандаў бітай скіроўвае апуку ў бок праціўніка, пасьля чаго сам бяжыць у варожы стан. Яго мэта — дабегчы да чужой лініі і як мага хутчэй вярнуцца назад. Задача праціўнікаў — злавіць апуку зь лёту альбо паднятым зь зямлі мячом пацэліць у бегуна. У гэтых двух выпадках каманды мяняюцца месцамі і права кідаць апуку пераходзіць да іншай каманды. Калі ж апуку не злавілі, а ў бегуна не пацэлілі, гульня працягваецца на старых пазыцыях.
У розных рэгіёнах Беларусі гулялі ў варыяцыі апукі, вядомыя пад назвамі ілкі, лавец, палант ці перагон. Апошняя адрозьнівалася ад апукі сюжэтнай лініяй. Адна каманда, што стаяла на варце пудзіла бабы, кідала ў праціўнікаў перагон, альбо драўляны шар ці мяч. Гульцы другой каманды, узброеныя палкамі-ілкамі, стараліся адбіць перагон так, каб пацэліць у пудзіла. Калі мяч трапляў у бабу, каманды мяняліся месцамі.
Для дзіцячага варыянта апукі, альбо карнача, мячык рабілі з ануч. Кожны ўдзельнік гульні выкопваў невялічкую ямку, ля якой мусіў стаяць, калі адзін з гульцоў пачынаў каціць мяч. Той, у чыю ямку патрапіла апука, пляскаў у далоні, даючы сыгнал бегчы. Яго задачай было хуценька схапіць мяч і пацэліць у аднаго зь бегуноў. У адваротным выпадку ён станавіўся вядучым і каціў мячык па ямках.
2. Гуські
Калі вясна будзе позьняй, у азартныя і вясёлыя гуські атрымаецца згуляць яшчэ сёлета. Асабліва ідэя гульні павінна спадабацца аматарам гольфу, бо задача гульцоў у гуські — таксама патрапіць у лунку. У гуські гулялі зімовай парою, расчышчаючы дзеля гэтага на лёдзе круглую пляцоўку 10-15 мэтраў у дыямэтры. На сярэдзіну катка складвалі гуські — невялічкія цуркі даўжынёю 12 сантымэтраў. Па краі круга выбіваліся невялічкія ямкі, альбо гнёзды, каля якіх у чаканьні сыгналу станавіліся гульцы, узброеныя мэтровымі палкамі-калкамі, раздвоенымі на канцы. Гучаў сыгнал — і гульцы беглі ў цэнтар пляцоўкі, каб ударамі калкоў загнаць гуськоў у свае гнёзды. Перамагаў той спрытняк, у ямцы якога налічвалі найбольшую колькасьць цурак.
Калі сыходзіў сьнег і зямля станавілася мяккай, на дварэ можна было гуляць у сьвіньню. Гульня зь немілагучнай назвай трошкі падобная да гуськоў. Узброеныя драўлянымі кійкамі гульцы станавіліся ў кола на невялікай адлегласьці адзін ад аднаго і выкопвалі неглыбокія ямкі, дзе падчас гульні мусілі трымаць канец свайго кійка. Вядучы-пастух знаходзіўся ў цэнтры пляцоўкі, дзе ён пасьвіў «сьвіньню», ролю якой выконваў невялікі кавалак дрэва, кійком падкатваючы яе то да аднаго, то да другога гульца. Апошні павінен быў адагнаць «сьвіньню» назад на выган і рабіў гэта сваім кійком, які быў вымушаны дастаць зь ямкі. Пастух імкнуўся стаць новым гаспадаром ямкі, паставіўшы туды свой кіёк. Калі гэта яму ўдавалася, гульцы мяняліся месцамі.
3. Калаўрот
Гэтая зімовая гульня патрабавала вялікага спрыту, бо палягала на вялікай хуткасьці. Каб згуляць у калаўрот, шукалі ледзяную пляцоўку, пасярод якой убівалі трывалы кол. На апору замацоўвалі кола з жэрдкай, да якой прывязвалі санкі. Гульцы падзяляліся на дзьве часткі: у той час як першыя як мага хутчэй раскручвалі кола, другія моцна стараліся ўтрымацца на санках, што зь вялікай хуткасьцю беглі па крузе. Пераможцам лічыўся той, хто апошнім заставаўся ў санках. Каб ускладніць задачу, замест санак гульцы станавіліся на канькі.
Гульня атрымала назву ад самапрадкі, якая складалася з кола, пэдалі, што прыводзіла яго ў рух, і прадзільнага апарата, які дазваляў прасьці лён і воўну ў хатніх умовах. На беларускіх мануфактурах калаўрот пачалі ўжываць у XVI стагодзьдзі.
4. Гула і катаньне кулі
Галоўным атрыбутам гэтай гульні была гула — так называлі каменнае ці жалезнае ядро, якое кідалі ў бок праціўніка. У адсутнасьць гулы выкарыстоўвалі звычайнае кола ад воза. Кожная з дзьвюх камандаў, што стаялі воддаль адна ад адной за абумоўленай мяжою, выбірала наймацнейшага гульца, які мусіў кідаць гулу. Выбраньнік першай дружыны кідаў ядро ў варожы бок, а каманда супернікаў павінна была як найхутчэй яго спыніць, і з гэтага месца скіраваць гулу ў адваротны бок. Гульня працягвалася, пакуль ядро не перакідвалі за вызначаную мяжу.
У гулу звычайна гулялі мужчыны, бо гульня патрабавала ад удзельнікаў сілы і спрыту. Дарэчы, гула трошкі нагадвае папулярнае сярод мужчын і багоў Старажытнай Грэцыі кіданьне дыска, які выраблялі з каменя ці бронзы.
Гула, як і некаторыя іншыя народныя спартовыя гульні, патрапіла ў праект мастака Аляксандра Зіменкі. У 1979 годзе ён стварыў сэрыю керамічных мэдалёў з выявамі старых беларускіх гульняў, спартоўцы на якіх выглядаюць ня менш калярытна, чым алімпійскія атлеты.
Дзіцячую вэрсію гульні, дзе прысутнічаў дыск, называлі катаньнем кулі і кацёлкай, дзеці гулялі ў качоўкі і ў кругляк. Праўда, замест мэталічнага дыска ўжывалі больш лёгкі і бясьпечны бярозавы круглячок, альбо качоўку дзесяць сантымэтраў у дыямэтры. Гульцы камандаў-сапернікаў, што стаялі адна насупроць адной, мусілі кіёчкамі перакаціць качоўку ў варожы стан.
5. Була
Камандная була таксама патрабавала ад гульцоў сілы, хуткасьці і спрыту. Кожная з дзьвюх дружын-удзельніц выбірала найдужэйшага гульца. Той атрымліваў палку з загнутым канцом, якой ён мусіў моцна ўдарыць па буле — зробленым адмыслова для гульні драўляным шары, і гнаць сваю ахвяру па зямлі ў бок варожага стану. Каманда падтрымлівала свайго абраньніка, у той час як дружына праціўніка імкнулася спыніць булу, авалодаць ёю і вярнуць назад — у прызначанае месца.
Пакуль хлопцы, мераючыся сіламі, кідалі гулу і кацілі булу, дзяўчаты забаўляліся больш вытанчанымі гульнямі. Адна з іх — панначка, якую дасьледчыкі зафіксавалі падчас навуковай экспэдыцыі па Гарадзеншчыне. Панначка — карагодная гульня, падчас якой дзяўчаты сьпявалі і рухаліся з запаленымі ў руках сьвечкамі. Кожная спрабавала задзьмуць суседчын агеньчык, свой, аднак, захаваўшы запаленым. Напрыканцы гульні гарэць заставалася толькі адна сьвечка, ад якой запальваліся патушаныя, калі ўзьнікала жаданьне паўтарыць карагод.
6. Бабкі
Гульня ня мае дачыненьня да грошай. Хаця, не выключана, што гульцы маглі рабіць пэўныя стаўкі. Бабкі нечым нагадваюць гульню ў кеглі, альбо кегельбан, ці ўтвораны на яго аснове боўлінг, толькі замест кегляў у ёй зьбіваюць косьці жывёл, якія, маючы гаспадарку, займець было даволі проста. Астатняе — справа спрыту.
Некалькі пар бабак ставілі ў кон, альбо шэраг. Супольна вызначалася месца, адкуль кожны гулец мусіў зьбіць як мага больш бабак набітай сьвінцом біткай. Зьбітыя косьці падлічвалі, і ўладальнік найбольшай колькасьці трафэяў перамагаў.
7. У пупы
Вельмі падобная да бабак дзіцячая гульня ў пупы, што разьвівала ў маленькіх гульцоў меткасьць. Цэнтрам гульні быў «пуп» — драўляны чурбачок памерам 10×8 сантымэтраў. Яго ставілі на зямлю і адыходзілі мэтраў на дзесяць.
З гэтай адлегласьці трэба было пацэліць у мішэнь самастойна ці з дапамогай дарослых падрыхтаваным кіёчкам, які ў даўжыню мог даходзіць да мэтра. Хто першым даваў маху, станавіўся «пастухом», які стаяў недалёка «пупа» і вяртаў яго на месца, калі той зьбівалі.
8. Харты, зайцы і мядзьведзі
На думку дасьледчыкаў, дзіцячыя гульні, дзе прысутнічаюць жывёлы, першапачаткова маглі быць абрадамі ўшанаваньня жывёльнага культу, у якім прысутнічалі рысы карагода і танца. Якіх толькі жывёл не сустрэнеш у вясёлых забавах — тут ёсьць мядзьведзь, конь, бабёр, кабыла, казёл, воўк і нават мітычны ячшар. Аднак самым запатрабаваным і спрытным пэрсанажам заставаўся заяц. Гуляць «у зайца» было даспадобы і дарослым, і дзецям. Рэгіянальна заячыя гульні мелі нязначныя адрозьненьні, аснова ж палягала на прынцыпе ўцячы і дагнаць.
Надзвычай рухавая гульня «Харты і зайцы» — адна з найбольш любімых сярод дзяцей. Звычайна яна суправаджалася крыкамі і нястрымным сьмехам. З гульцоў абіралася «маці» і «хорт», астатнія пераўтвараліся ў зайцаў. Гульня пачыналася крыкам маці «Хорт у полі! Зайцы, дамоў!», які быў сыгналам да ўцёкаў. Лепш за ўсіх гульцоў лавіў мядзьведзь, вобраз якога прысутнічае ў забавах са старажытных часоў.
Гульня «Ў мядзьведзя на бару» таксама носіць жвавы характар. Дзеткі ходзяць па лесе з песьняй «У мядзьведзя на бару грыбы, ягады бяру...» Вядоўца-мядзьведзь стараецца злавіць свавольнікаў. Першы, хто патрапіў у зьвярыныя лапы, сам становіцца мядзьведзем, і гульня працягваецца.
9. Бірулькі
У бірулькі можна было гуляць у хаце, калі надвор’е псавалася альбо было надта зімна. Бірулькі патрабавалі ад гульцоў уважлівасьці і лоўкасьці, інакш можна было лёгка прайграць.
На стол клаліся розныя дробныя прадметы ў хаатычным парадку. Удзельнікі гульні мусілі па чарзе выбраць усе рэчы, ужываючы невялічкі кручок, пры гэтым не зачапіўшы ніводнага прадмета.
Верагодна, назва гульні пайшла ад адмысловага блёка кроснах, які выкарыстоўваўся для нітак. Яшчэ бірулькай называлі ўпрыгажэньне, падвеску ці невялікую палачку, што можна было ўжываць замест гузіка.
10. Азярод
Згуляць у азярод у сучасных умовах будзе даволі складана, бо для ўвасабленьня гульні неабходна мець... азярод. Умацаваную падкосамі драўляную канструкцыю з жэрдак сяляне Меншчыны, Віцебшчыны, усходніх рэгіёнаў Гарадзеншчыны, Гомельшчыны і Берасьцейшчыны выкарыстоўвалі для сушкі сена, а ў вольны час — для гульні.
Гульцы станавіліся перад азяродам і стараліся моцна стукнуць аб зямлю загадзя падрыхтаванымі гнуткімі дугамі так, каб тыя здолелі пераляцець празь перашкоду. Зрабіць гэта было складана, бо канструкцыя для сушкі сена магла мець да дзесяці мэтраў вышыні. Напрыканцы гульні пераможца меў на сваім рахунку найвялікшую колькасьць «пералётаў». Для астатніх жыхароў сядзібы гульня была даволі бясьпечнай, бо, на шчасьце, азярод ставілі ўдалечыні ад іншых збудаваньняў. У тым ліку, і з-за пажарнай бясьпекі.
Рухавыя і азартныя спартовыя беларускія гульні, якім, на жаль, надаецца няшмат увагі, могуць быць цікавымі і для гасьцей нашай краіны. Якіх можа быць на такіх відовішчах ня менш, чым у іншых краінах. Так, да прыкладу, традыцыйныя гульні шатляндзкіх горцаў штогод зьбіраюць напрыканцы жніўня некалькі дзясяткаў тысяч турыстаў. Яны прыяжджаюць паглядзець на спаборніцтвы па кіданьні бервяна і хагіса — барановага страўніка, начыненага рубленымі барановымі вантробамі, салам, цыбуляй і аўсянкай, пханьні каменя і перацягваньні каната.
Пераймайма іх уменьне наладзіць сьвята свайго нацыянальнага скарбу.
Яна Шыдлоўская
Фота з архіву аўтара