Сёньня, 25 лютага, каля 1-ай гадзіны ночы адбылася ўспышка «пылапаветранай сумесі без наступнага гарэньня» на Скідзельскім цукровым камбінаце, у выніку чаго пацярпелі пяцёра працаўнікоў прадпрыемства.
Як паведамляе сайт Сьледчага камітэту, успышка адбылася ў галерэі, якая злучае цэх упакоўкі і фасоўкі цукру і ліфтавую вежу. У выніку пяць жанчын — працаўніц прадпрыемства, 1962-1974 гадоў нараджэньня, з апёкамі рознай ступені цяжкасьці былі шпіталізаваныя ў рэанімацыйнае аддзяленьне. Часткова дэфармаваныя сьцены цэха, пашкоджаныя вокны і дзьвярныя праёмы.
Ўпраўленьнем СК па Гродзенскай вобласьці распачатая крымінальная справа па факце службовай нядбайнасьці, якая прывяла да цяжкіх наступстваў (арт. 428 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).