Ідэю сабрацца 26-га лютага на плошчы Перамогі выказалі ўдзельнікі мінулай акцыі
Абвесткі, зьвернутыя да ўсіх нязгодных з Дэкрэтам № 3, напісаныя чорным маркерам проста на афішах, разьмешчаных на прыпынках грамадзкага транспарту. Асабліва шмат абвестак у навакольлях плошчы Перамогі — месца, дзе людзі зьбіраліся 19-га лютага, і куды дамовіліся прыйсьці апоўдні 26-га.
Паводле Ірыны Яскевіч, актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і стваральніцы прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам», ідэя сабрацца на плошчы Перамогі зьявілася спантанна:
«19-га лютага ў інтэрнэце былі разьмешчаныя заклікі прыходзіць „на цэнтральную плошчу“. У Віцебску няма плошчы з такой назвай, і людзі самі дамовіліся, што зьбяруцца на плошчы Перамогі. Сабралася чалавек 150 ці нават болей. Не было аніякіх мітынгаў, ніякіх прамоваў — людзі проста размаўлялі паміж сабой. Апавядалі адно аднаму пра свае праблемы. І недзе праз гадзіны паўтары, калі ўсе пачалі разыходзіцца, я пачула ад адной жанчыны: „Дык што, зьбіраемся 26-га, у гэтым самым месцы і ў такі самы час“. Вось і ўся арганізацыя! Я ведаю, што ў Віцебску вельмі шмат незадаволеных Дэкрэтам аб сацыяльным утрыманстве. Але пра збор 19-га ведалі ня ўсе, таму мне цяжка ўявіць, колькі народу зьбярэцца на плошчы 26-га лютага».
Ірына Яскевіч — адна з самых актыўных зьбіральніц подпісаў супраць «дэкрэту аб дармаедах», у яе падпісных аркушах — больш за тысячу чалавек.
Пра мінулую акцыю большасьць віцяблян проста ня ведала
Пра тое, чаму акцыя 19-га не сабрала хаця б палову ад гэтай колькасьці, спрабаваў высьветліць рэдактар інтэрнэт-выданьня «Народныя навіны Віцебска» Сяргей Серабро. У суполцы выданьня «ВКонтакте» праводзіцца апытаньне, у якім на 24-га лютага (17.30) узялі ўдзел 740 чалавек. Паводле вынікаў 47,4% апытаных адказалі, што проста ня ведалі пра акцыю. 28,1% рэспандэнтаў адказалі, што ведалі, але прыйсьці не змаглі, і 16, 5% — што іх дэкрэт ня тычыцца.
Віцябляне ня толькі галасуюць у інтэрнэце, але й спрачаюцца пра тое, ці варта выходзіць на плошчу 26-га. Нехта скардзіцца, што іх мінулым разам «не паклікала апазыцыя», а хтосьці наадварот — лічыць, што «апазыцыя» ня мусіць браць удзелу ў мерапрыемстве, скіраваным «выключна супраць дэкрэту № 3».
«Арганізатарам гэтай акцыі зьяўляецца беларускі кіраўнік»
Што да прадстаўнікоў апазыцыйных структураў, то яны аніякім чынам не прэтэндуюць на ролю арганізатараў акцыяў пратэсту.
«Многія мяне пытаюць: ці мае дачыненьне Беларускі Нацыянальны Кангрэс да арганізацыі маючага адбыцца мерапрыемства? На што я адказваю, што асноўным арганізатарам гэтай акцыі зьяўляецца беларускі кіраўнік, які падпісаў ганебны ўказ аб дармаедах і які давёў людзей да поўнай галечы. Цікава, ці прыцягнуць да адказнасьці Лукашэнку за арганізацыю несанкцыянаваных акцыяў па ўсёй краіне?», — піша на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Ўладзімер Кійко, рэгіянальны каардынатар нядаўна створанага БНК.
Насамрэч, заклікі на плошчу Перамогі, абмеркаваньні і прагнозы колькасьці прысутных можна сустрэць выключна ў сацыяльных сетках. Самыя маштабныя спрэчкі вядуцца пад банэрам з аб’явай у групе «Это Витебск, детка!» (Типичный Витебск). Гэтая група сацсеткі «В Контакте» першай абвясьціла пра акцыю 19-га лютага, тут жа ідзе абмеркаваньне апошніх навінаў, датычных 26-га лютага.
Замест акцыі пратэсту віцяблян запрасілі на Масьленіцу
Адзін з апошніх запісаў у суполцы такі: «Сёньня дзіцёнак прыйшоў са школы і абвясьціў: паводле загаду завуча ў нядзелю 26-га да 12.00 усе мусяць прыйсьці на сьвяткаваньне Масьленіцы на плошчу Перамогі».
Ніколі раней падобных сьвяткаваньняў на плошчы Перамогі не праводзілі, аднак Віцебскі гарвыканкам вырашыў арганізаваць масавае гуляньне якраз у тым месцы і ў той час, калі меркавалі сабрацца незадаволеныя «дармаедзкім» дэкрэтам.
Улады проста ня ведаюць, што ім рабіць, а таму прыдумляюць, чым заняць плошчу Перамогі, лічыць былая настаўніца, каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец:
«Гэта цалкам на сумленьні бацькоў — ці адпраўляць у гэтую макрэчу, у гэтую непагадзь сваіх дзяцей на нейкія гарадзкія сьвяткаваньні. Каму не шкада, што дзіцё прамочыць ногі і захварэе — той адправіць. Абы не было канфліктаў са школай. А хто насамрэч думае пра будучыню сваіх дзяцей, той пакіне іх у цёплай хаце, а на плошчу выйдзе сам! Увогуле я вельмі ўсьцешаная, што ні мне асабіста, ні маім знаёмым актывістам не давялося арганізоўваць людзей ні перад 19-м, ні перад 26-м! Зьдзяйсьняецца мая мара: людзі пачалі самаарганізоўвацца, і гэта — самае каштоўнае!»
Колькасьць пратэстоўцаў на плошчы Перамогі 26-га — непрадказальная
Ніхто ня можа прадказаць, што будзе на плошчы Перамогі 26-га лютага. Інтэрнэт-камэнтатары разважаюць пра небясьпеку ад звышпільных міліцыянтаў, якія будуць ахоўваць сьвяткаваньне Масьленіцы, але паведамленьняў пра тое, што на плошчу будуць прапускаць праз турнікеты і пасьля асабістага дагляду, пакуль няма. Хтосьці кажа, што акцыі будзе замінаць гучная музыка — яе знарок уключаць, каб не было чуваць, што людзі кажуць пра Дэкрэт № 3. Нехта прадказвае, што пратэстоўцы будуць незаўважныя сярод ахвотных сьвяткаваць, і гэта, маўляў, дасьць уладам магчымасьць сказаць, што ніякіх праяваў незадавальненьня не было. А іншыя лічаць, што сьвяткаваньне на плошчы — гэта лепшае, што можна было прыдумаць: маўляў, да незадаволеных дэкрэтам прыслухаюцца нават тыя, хто нічога ня ведаў пра акцыі пратэсту загадзя.
Віцебскі актывіст Ігар Лапо разьмясьціў у «Фэйсбуку» інфармацыю пра тое, што на плошчы могуць адбыцца бойкі, ініцыяваныя прыхільнікамі «русского мира». Сярод камэнтароў у сацыяльных сетках сапраўды сустракаюцца пагрозы «разабрацца» з «барцунамі», «нацыкамі» і тымі, хто насьмеліцца прыйсьці 26-га лютага зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Але ўсё, што пішацца пра будучую акцыю, — гэта толькі віртуальныя размовы. А з рэальнага — аб’явы на прыпынках, напісаныя розным почыркам: «Ня будзь рабом!», «Успомні пра сваіх дзяцей!», «Прыходзь на плошчу!»