У Менскім гарадзкім судзе 24 лютага выступілі з апошнім словам 27-гадовая Аліна Шульганава, якую абвінавачваюць у арганізацыі двайнога забойства ў сьнежні 2015 году, і адзін з выканаўцаў забойства, перадае БелаПАН.
Як выявіла сьледзтва, Шульганава не зьмірылася з тым, што яе хлопец пайшоў да іншай дзяўчыны, таму папрасіла знаёмых — 23-гадовага Вячаслава Сухарку і 44-гадовага Аляксандра Жыльнікава — «прыбраць» суперніцу. Але Жыльнікаў і Сухарка перастараліся і забілі хлопца, і дзяўчыну. Жыльнікаў і Сухарка таксама абвінавачаныя ў забойстве з карысьлівымі мэтамі жыхара Калодзішчаў, які раней здаваў Сухарку кватэру.
Сухарку і Жыльнікаву пракурор просіць сьмяротнае пакараньне, Шульганавай — 15 гадоў пазбаўленьня волі. Прысуд маюць абвясьціць 6 сакавіка а 14-й гадзіне.
Шульганава ў апошнім слове заявіла, што не разьлічвала, што Сухарка і Жыльнікаў стануць забіваць людзей, прызнае сябе вінаватай у тым, што «не змагла аб’ектыўна ацаніць сытуацыю» і не паведаміла ў міліцыю, калі выканаўцы расказалі ёй пра забойства. Яна сьцьвярджае, што раскаялася ў гэтым.
Жыльнікаў прасіў у апошнім слове прабачэньня ў пацярпелых, выказаў ім спачуваньне. Ён заявіў, што не прызнае сябе вінаватым у забойствах, а толькі дапамагаў Сухарку хаваць сьляды і не паведаміў пра гэта міліцыі.
Сухарка быў выдалены з залі суду празь неналежныя паводзіны, таму не прамаўляў апошняга слова. Адвакат просіць даць Сухарку 25 гадоў пазбаўленьня волі ці пажыцьцёвае зьняволеньне. Але, як кажа адвакат, Сухарка цалкам прызнае віну і просіць, каб яго расстралялі. Сухарка прызнаны сьвядомым, але ў яго знойдзеныя псыхічныя адхіленьні, ён злоўжываў сьпіртным. На момант злачынства і ён, і іншыя падсудныя былі п’янымі.