Курапаты: да 50 чалавек увечары, спакойная ноч, ранак без будоўлі. Далей тры варыянты

Пасьля сходу жыхароў і актывістаў пад будоўляй ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты» ўвечары 23 лютага ў лягеры засталося да паўсотні актывістаў, ноч прайшла без інцыдэнтаў і сутычак, а ранкам будаўнікі не распачалі работы.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, які правёў у Курапатах вечар і ноч, распавядае, што да самай раніцы заставаліся 20-25 чалавек, цяпер некаторыя разыходзяцца на працу і вучобу. Зранку, кажа ён, на будоўлі няшмат рабочых, хоць раней а 8-й раніцы да яе «стаяла чарга», мала тэхнікі, работы фактычна прыпыненыя. Ён лічыць гэта невялікай перамогай.

Дашкевіч вядзе праз тэлефон жывыя відэатрансьляцыі на сваю старонку ў Facebook. У трансьляцыях відаць, што актывістам ігралі і сьпявалі бард Зьміцер Захарэвіч і журналіст Стась Карпаў, да іх са сваёй вёскі прыехаў пісьменьнік Андрусь Горват. У ранішняй трансьляцыі актывіст Павал Вінаградаў распавядаў пра кранальны момант: сярод ночы пад’ехала міліцыя і спытала, ці ўсё ў актывістаў нармальна, а тыя шчыра адказалі, што сапраўды нармальна.

Што далей

Далей Зьміцер Дашкевіч бачыць тры шляхі разьвіцьця падзеяў. Першы — заявіць пра перамогу, разысьціся і прадоўжыць барацьбу ў юрыдычным рэчышчы. Другі — працягваць «пратэстава-тусовачны» рух са сьпевамі і гарбатай, але зь невялікай колькасьцю актывістаў. Трэці — узмацніць варту, каб ад 8-й раніцы, у «самы складаны» час, калі можа пачацца будоўля, было сама меней 10 актывістаў на пляцоўцы.

Ноч у Курапатах 23 лютага 2017 году

Дашкевіч кажа, цяпер ня так важна, які варыянт падабаецца яму самому:

«Правільна пытаць, які варыянт больш даспадобы ўсім людзям, якія лічаць, што варта бараніць Курапаты. Людзі павінны разважыць. Тыя, хто тут застаюцца, засьведчылі сваёй дзейнасьцю, што гатовыя і пад колы легчы.

Калі раніцай, калі пачынаецца будоўля, тут будзе 10-20 чалавек, то будоўлю можна фактычна спыніць. Калі будзе па некалькі чалавек — значыць, такое стаўленьне грамадзтва, а будоўля будзе працягвацца. Намётавае мястэчка тады будзе несьці хутчэй маральна-духоўны чыньнік: выказваем пратэст, але не ўплываем. Было, што з 8-й раніцы па пары гадзін былі толькі мы ўдвох з Уладзем Яроменкам.

Варыянт „папяровай працы“ адбываецца паралельна. Мы ўдзячныя тым людзям, якія гэтым займаюцца: Ганна Шапуцька накіроўвае дакумэнты, Антон Астаповіч, Севярынец зь Янукевічам, Пальчыс з Матолькам пішуць тэксты. Ёсьць дасьведчаныя юрысты, архітэктары, дасьведчаныя ў нюансах, зь іх дасьледаваньняў мы ведаем, што ёсьць вялікія юрыдычныя сумневы наконт законнасьці будоўлі. Таму два шляхі ідуць паралельна, дзякуй Богу. Мы разам працуем, і ў гэтым ёсьць посьпех».

***

У ноч на 23 лютага на лягер абаронцаў Курапатаў напала група зь 15 невядомых у масках і з драўлянымі бітамі. З крыкамі «Белая раса!» і «Слава Расеі!» тыя разбурылі лягер актывістаў і паранілі аднаго зь іх, Алеся Кіркевіча, — ударылі драўлянай бітай па скроні. Раней на саміх актывістаў склалі сумарна 6 адміністрацыйных пратаколаў. Актывісты зьвярнуліся ў міліцыю — і міліцыя заадно склала пратаколы на іх саміх.

Дырэктар забудоўніка сьцьвярджае, што магчымасьць пахаваньняў рэпрэсаваных на пляцоўцы — гэта падман, а актывісты «зь сякерамі ў колькасьці 30 чалавек накідваюцца на будаўнікоў, крышаць усё сякерамі пры міліцыі». Інвэстар заяўляе, што ня мае канфлікту з пратэстоўцамі: са свайго боку ён дзейнічаў законна, легальна купіў участак, прапанаваны на аўкцыёне дзяржавай.

Дзяржаўныя чыноўнікі тым часам даказваюць, што будаўніцтва законнае. «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць безвыніковыя суды і зьбіраюцца зьвяртацца ў міжнародныя структуры, а ў храналёгіі падзеяў беларусы знаходзяць неадпаведнасьці.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).