Радыё Свабода: Адам Іосіфавіч, у якіх краінах, на вашу думку, яшчэ могуць быць знойдзеныя невядомыя дакумэнты пра беларускага першадрукара?
Адам Мальдзіс: Паводле маіх уяўленьняў, невядомыя дакумэнты пра Францішка Скарыну могуць яшчэ быць знойдзеныя ў архівах ўсіх краінаў Эўропы, дзе Скарына жыў, працаваў або вучыўся. Гэта Аўстрыя, Італія, Данія, Чэхія, Польшча і Літва.
Радыё Свабода: А куды б вы паехалі найперш?
Адам Мальдзіс: Я б найперш паехаў у Капэнгаген, сталіцу Даніі. Мяркуецца, што паміж 1507 і 1512 годам Скарына быў сакратаром караля Даніі. Тады Данія мела актыўныя палітычныя зносіны з Рэччу Паспалітай і ВКЛ, таму пры каралі быў патрэбны чалавек зь веданьнем старабеларускай мовы. Пры абароне доктарскай дысэртацыі па мэдыцыне ў 1512 годзе ў Падуі Скарына названы сакратаром караля Даніі.
Радыё Свабода: А куды трэба ехаць пасьля Даніі?
Адам Мальдзіс: Вядома, трэба пільна шукаць у чэскіх архівах, і ня толькі праскіх, а таксама ў архівах Аўстрыі, найперш Вены, бо менавіта там жыў кароль Чэхіі Фэрдынанд І Габсбург, у якога Скарына ў 30-я гады XVI стагодзьдзя працаваў садоўнікам у Празе.
Радыё Свабода: А ці добра дасьледаваны архівы Італіі?
Адам Мальдзіс: Вядома, там шукалі, шмат чаго знойдзена з папераў Падуанскага ўнівэрсытэту, але гэта не азначае, што знойдзена ўсё. Трэба шукаць далей, у тым ліку і ў архівах Ватыкану.
Радыё Свабода: А Польшча? Ці там усё ўжо дасьледавана?
Адам Мальдзіс: О, я лічу, што польскія архівы дасьледаваны недастаткова, далёка недастаткова. Думаю, што і там навукоўцаў яшчэ чакаюць пэўныя адкрыцьці.
Радыё Свабода: Відаць, дасьледчыкам для такой працы патрэбнае добрае веданьне лацінскай мовы, што цяпер сустракаецца ня так часта?
Адам Мальдзіс: Так, вядома. Без лацінскай мовы скарыназнаўцу няма куды... Напрыклад, венскія архівы пераважна на лацінскай мове, бо гэта ж цэнтар тагачаснай лацінскай імпэрыі, і кароль чэскі тады жыў там.
Радыё Свабода: Адам Іосіфавіч, вы — чалавек, які шмат што за сваё жыцьцё адкрыў і шмат чаго ў архівах адшукаў. Ёсьць у вас прадчуваньне будучых знаходак пра Скарыну? Што гаворыць ваша дасьледчыцкая інтуіцыя?
Адам Мальдзіс: Ёсьць. Нават у Варшаве нібыта шмат знойдзена, але каб сказаць, што там усё дасьледавана — нельга. Каб я меў сілы і магчымасьці (я цяпер моцна хварэю) то я паехаў бы найперш у Данію, Польшчу і Італію, паехаў бы ў Вэнэцыю, бо Падуя ўваходзіла ў Вэнэцыянскую рэспубліку. Ды нават паехаў бы ў Вільню. Скарына ж быў сакратаром віленскага біскупа Яна, а дакумэнты пра гэта ніхто пакуль не знайшоў. Так што можна сказаць і так: найбліжэйшы кірунак для дасьледчыкаў — Вільня.