Грыбаўскайце: Беларуская АЭС — геапалітычны праект Расеі супраць Літвы

Даля Грыбаўскайце

Прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што беларуская АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, зьяўляецца геапалітычным праектам Расеі, накіраваным на тое, каб падарваць літоўскі рынак электраэнэргіі.

«[Беларускую АЭС] я лічу расейскім геапалітычным праектам, нядобразычліва накіраваным супраць Літвы. [Гэта] магчымасьць шантажаваць і аказваць ціск на Літву, перашкаджаць яе сынхранізацыі з Захадам» цытуе кіраўніцу Літвы сайт RU.DELFI.

«Няма сумненьняў у тым, што мы павінны выканаць сваё хатняе заданьне — абараніць свой рынак ад патрапляньня на яго электраэнэргіі з такой станцыі і паскараць, паляпшаць працэс сынхранізацыі [лініі электраперадачы балтыйскіх дзяржаваў]» — дадала Даля Грыбаўскайце.