У пачатку сьнежня 2002 году Васіль Уладзімеравіч Быкаў разам з жонкай Ірынай Міхайлаўнай пераехалі зь Нямеччыны ў Прагу.
«У Рэспубліцы Беларусь, дзе я нарадзіўся і пражываў да 1999 году, склалася непрыязная для мяне сытуацыя (найперш палітычная), якая не дае магчымасьці для маёй прафэсійнай літаратурнай дзейнасьці і нармальнага існаваньня», — напісаў Быкаў у звароце да чэскіх уладаў.
А на 23 сьнежня была заплянаваная прэзэнтацыя кнігі «Дарога праз Курапаты», у якой Ганна Соўсь сабрала рэпартажы пра абарону Курапатаў падчас будаўніцтва аўтатрасы з кастрычніка 2001-га па ліпень 2002-га.
Мы не выпадкова папрасілі Быкава зьвярнуцца да абаронцаў сьвятога для беларусаў месца. Менавіта Васіль Ўладзімеравіч напісаў прадмову да артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты -- дарога сьмерці», які ў чэрвені 1988 году ўскалыхнуў грамадзкасьць, падтрымліваў пісьменьнік і герояў рэпартажаў, калі яны несьлі сваю няспынную вахту.
Быкаў напісаў зварот на кампутары, перад самым запісам унёс праўкі — зрабіў тэкст больш адрасным (зьмяніў «яны» на «вы»), назваў валянтэраў «абаронцамі праўды і справядлівасьці», і агучыў зварот перад мікрафонам Свабоды. Запіс трансьляваўся на прэзэнтацыі ў Палацы мастацтваў. Тэкст Васіль Уладзімеравіч пакінуў мне, я папрасіў яго паставіць подпіс.
Тады Быкаў зьвяртаўся да тых, хто перамог бяспамяцтва — а сёньня ягоныя словы чытаюцца з надзеяй.
«Бальшавікі маюць вялізную практыку закочваць пад асфальт ня толькі непажаданых для іх асобаў, але і хаваць у зямлі цэлыя пласты нашай пакутнай гісторыі. Адэкватных сродкаў супрацьстаяньня іхнаму гвалту дэмакратыя, здаецца, ня мае, апроч хіба памяці. Памяць для бальшавікоў — жах, злачынства, крамола, бо гэта заўжды памяць пра іхныя злачынствы ды іхныя ахвяры.
Але ў маладых людзей Беларусі — сьвежы розум і добрая памяць, і яны ім ня здраджваюць. Што ж да Курапатаў, дык вы іх зьбераглі цягам завейных месяцаў, праз сьцюжу і тэрор праваразбуральных ды іншых „органаў“. Вы абаранілі, можа, самы жахлівы краёчак нашай гісторыі — памяць пра зло і крывавае злачынства, што чыніліся супраць нацыі.
Натуральна, тое было ня проста, але менавіта ў тае упартай непадлегласьці, апроч іншага — надзея на вольнасьць Беларусі, яе дзяржаўнасьць і духоўнае адраджэньне занядбанай нацыі, лёс якой надышоў да вырашальнай мяжы.
Беларусь будзе ўпэўненая, што яшчэ шмат чаго добрага і гераічнага зьдзейсьніць для яе наша мілая беларуская моладзь!»
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.