Вярхоўны суд Расеі вызваліў Ільдара Дадзіна

Ільдар Дадзін у аўтазаку пасьля затрыманьня, жнівень 2014 году

Расейскага апазыцыйнага актывіста Ільдара Дадзіна вызваляць з калёніі. Такое рашэньне прыняў Вярхоўны суд Расеі. Суд падтрымаў хадайніцтва Генпракуратуры, прадстаўнік якой заявіў, што ў дзеяньнях Дадзіна адсутнічаў склад злачынства.

Крымінальная справа супраць Дадзіна будзе закрытая. Суд прызнаў права асуджанага на рэабілітацыю.

Сам Дадзін удзельнічаў у пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага суду Расеі па відэасувязі. Ён назваў працэс у адносінах да сябе «цыркам».

Больш на гэтую тэму: Жонка палітвязьня Дадзіна: Ён чытаў Коласа, Купалу. «Будзь сьмелым» — адзін зь яго любімых вершаў.

10 лютага Канстытуцыйны суд Расеі, разгледзеўшы скаргу абароны Дадзіна, пастанавіў пераглядзець справу ў дачыненьні да апазыцыянэра і ўнесьці зьмены ў Крымінальны кодэкс. Сам артыкул пра неаднаразовыя парушэньні на мітынгах, па якім Ільдара Дадзіна асудзілі на два з паловаю гады калёніі, суд прызнаў законным, хаця і дадаў, што ён патрабуе зьменаў.

Ільдар Дадзін — першы ў Расеі асуджаны паводле артыкулу «неаднаразовае парушэньне вызначанага парадку арганізацыі альбо правядзеньня мітынгаў». Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня.