Чэскія СМІ: у паветры Эўропы зьявіўся радыеактыўны ёд

Прага

У паветры Чэхіі і яшчэ шасьці эўрапейскіх краінаў знойдзены радыеактыўны ёд невядомага паходжаньня.

Чэскія СМІ, якія пра гэта паведамляюць, пішуць, што зьяўленьне радыеактыўнага ізатопу ёду-131 зьвязанае з чалавечай дзейнасьцю. Яны адзначаюць, што паводле інфармацыі францускага Інстытуту радыяцыйнай абароны, колькасьць ізатопу ёду ў паветры вельмі нізкая, таму ён не ўяўляе пагрозы для здароўя і жыцьця людзей.

Адкуль узяўся радыеактыўны ізатоп ёду ў паветры, пакуль незразумела. Некаторыя СМІ спэкулююць пра яго расейскае паходжаньне ў сувязі з тым, што наяўнасьць ізатопу першай зарэгістравала нарвэская станцыя каля межаў з Расеяй.

Старшыня Дзяржаўнага камітэту ядзернай бясьпекі Чэхіі Дана Дробава пацьвердзіла, што колькасьць радыеактыўнага ёду ў атмасфэры Чэхіі вельмі нізкая і небясьпекі для здароўя людзей не ўяўляе.

Як паведамляецца, пасьля нарвэскай станцыі павышаную прысутнасьць радыеактыўных часьціц ёду ў атмасфэры пацьвердзіла станцыя ў Фінляндыі, а потым пра гэта заявілі ў Польшчы, Нямеччыне, Францыі, Гішпаніі і Чэхіі.

Ёд-131 — радыенуклід з параўнальна кароткім пэрыядам паўраспаду (8 дзён). Таму згаданы францускі Інстытут радыяцыйнай абароны робіць выснову, што працёк ёду адбылася нядаўна.