«Сёньня па абедзе мяне выклікалі ў гарвыканкам, — кажа Аляксандар Сьцяпанавіч, — дзе і ўручылі рашэньне гарвыканкаму ад 17 лютага на вызваленьне ад „дармаедзкага“ падатку. Пры гэтым было заяўлена, што ўлічана тое, што ў карыстаньні маёй сям’і ёсьць 0,3 гектара зямлі. Праўда, у выпісцы гэты факт ня згадваецца».
52-гадовы Аляксандар Сямёнаў мае дзьве вышэйшыя адукацыі і дваццаць восем гадоў працоўнага стажу. Раней ён працаваў інжынэрам-электрыкам на заводзе, займаў розныя пасады ў «Гомельхлебпраме» і «Аблгандальсаюзе». Пасьля гэтага некаторы час працаваў з братам у Расеі, пакуль іхні бізнэс не абвалілі тамтэйшыя дзялкі.
З 2013 году Сямёнаў займаўся на лецішчы гародам, бо на працу яго ня бралі — найперш дзеля ўзросту.
Паведамленьне падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну на выплату «дармаедзкага» збору Аляксандар Сьцяпанавіч пісьмова аспрэчваў у гэтай жа раённай, а пасьля і абласной інспэкцыі, але безвынікова. Зварот у камісію гарвыканкаму таксама напачатку нічога ня даў.
З дапамогай гомельскіх праваабаронцаў Сямёнаў падрыхтаваў пазоў у суд на прызнаньне патрабаваньня падатковай інспэкцыі незаконным.
21 лютага мае адбыцца выніковае паседжаньне суду.