Украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка кажа, што атрымаў «вельмі моцны сыгнал падтрымкі Ўкраіны» падчас сустрэчы зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пэнсам і падчас перамоваў зь іншымі прадстаўнікамі Злучаных Штатаў.
Парашэнка адказваў на пытаньні журналістаў 18 лютага пасьля перамоваў з Пэнсам на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі. Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, ён атрымаў запэўніваньні ў тым, што «Украіна для новай адміністрацыі ЗША сярод першых прыярытэтаў і што пытаньні Крыму і барацьбы за яго вызваленьне таксама застаюцца сярод прыярытэтаў. Ніякія пытаньні за сьпінай Украіны вырашаць не плянуюць і ня будуць».
Падчас выбарчай кампаніі цяперашні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп казаў, што разгледзіць магчымасьць зьняць санкцыі, накладзеныя на Расею адміністрацыяй папярэдняга прэзыдэнта Барака Абамы ў адказ на анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.
Аднак за апошнія тыдні кіраўніцтва ЗША зрабіла шэраг жорсткіх заяваў пра тое, што Расея павінна вярнуць Крым і адмовіцца ад падтрымкі гвалту ва ўсходняй Украіне. Сярод іншага, прэзыдэнт Трамп напісаў на сваёй афіцыйнай старонцы ў твітэры: «Крым быў ЗАБРАНЫ Расеяй падчас кіраваньня адміністрацыі Абамы. Ці быў Абама занадта мяккім што да Расеі?»