Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH) публікуе ў сацыяльных сетках відэа пад назвай «Тым часам у Беларусі», у якім асуджаецца існаваньне ў Беларусі сьмяротнага пакараньня.
Відэа заклікае карыстальнікаў інтэрнэту дзейнічаць на карысьць адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі: наведаць вэб-сайт «Беларусь: апошняя краіна ў Эўропе, якая прымяняе сьмяротнае пакараньне» і падпісаць пэтыцыю ад сяброўскай арганізацыі FIDH у Беларусі — Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Як паведамляе сайт spring96.org, рэліз відэа — частка шырэйшай кампаніі FIDH, якая пачалася ў кастрычніку мінулага году з публікацыі дакладу «Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі: Забойства на (не)законных падставах».