У Мюнхэне адкрываецца канфэрэнцыя на тэму бясьпекі: Эўропа будзе разьбірацца, чаго хоча Трамп

Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас выступу на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па пытаньнях бясьпекі, 13 лютага 2016 году

У Мюнхэне 17 лютага пачынаецца 53-я штогадовая канфэрэнцыя ў пытаньнях бясьпекі — прэстыжны сусьветны форум, у якім бяруць удзел дзясяткі лідэраў краінаў, міністраў абароны і замежных спраў і вядучыя экспэрты сьвету.

Напярэдадні мерапрыемства быў апублікаваны даклад пра сучасныя выклікі ў сфэры бясьпекі. У дакладзе сьцьвярджаецца, што Захад можа страціць лідэрскія пазыцыі ў сьвеце праз палітычную інтравэртнасьць, нарастаньне хвалі папулізму, а таксама нявызначанасьці ў дачыненьні таго, ці будзе Дональд Трамп высока цаніць традыцыйныя сувязі з Эўропай і ці будзе бесьпярэчна адданы NATO.

Cтаршыня канфэрэнцыі амбасадар Вольфганг Ішынгэр лічыць, што цяпер на плянэце найбольшы ўзровень нестабільнасьці з часоў заканчэньня Другой сусьветнай вайны.

«Мы — хацелася б верыць — атрымаем нейкія адказы наконт таго, чаго чакаць ад адміністрацыі Трампа. Нам патрэбна яснасьць, мы павінны ведаць, што Трамп хоча рабіць, а чаго ён ня хоча рабіць у тым, што тычыцца Эўропы, Украіны, Сырыі, Кітаю, а таксама Пуціна і Расеі», — сказаў напярэдадні адкрыцьця канфэрэнцыі Вольфганг Ішынгэр.

У кулюарах канфэрэнцыі павінна адбыцца першая сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з новым віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пэнсам, а міністры замежных спраў Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі правядуць сустрэчу ў «нармандзкім фармаце» — упершыню пасьля нядаўняй эскаляцыі ў Аўдзееўцы на Данбасе.