У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 61,9%, даходы ад прадпрымальніцкай ды іншай дзейнасьці, якая прыносіць даход, — 8,4%, трансфэрты насельніцтву (пэнсіі, дапамогі, стыпэндыі ды іншыя) — 23,9%, даходы ад уласнасьці ды іншыя даходы — 5,8%.
Даходы насельніцтва памяншаюцца з 2015 году. У студзені 2016-га зьніжэньне склала 5,4% да студзеня 2015 году, у студзені-лютым да аналягічнага пэрыяду папярэдняга году — 6,4%, студзені—сакавіку — 6,5%, студзені—красавіку — 6,8%, студзені—траўні, студзені—чэрвені і студзені—ліпені — 7%, студзені—жніўні — 7,1%, студзені—верасні — 7,2%, студзені—кастрычніку — 7,3%, студзені—лістападзе — 7,5%.
Мінэканомікі раней чакала, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2016 году зьнізяцца на 1,5% да адпаведнага пэрыяду 2015 году, у першым паўгодзьдзі будуць на леташнім узроўні, па выніках дзевяці месяцаў вырастуць на 0,1%, па выніках году — на 0,5%.
Праграмай сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2016–2020 гады закладзены рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе ў адносінах да 2015 году на 9,5-11,6%.
У ходзе «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў, што ў 2017 годзе сярэдні заробак «кроў з носу» павінен вырасьці да 500 даляраў ЗША.
«500, як я думаю, не магу стоадсоткава сьцьвярджаць, што я маю рацыю, але 500 даляраў сярэдні заробак у краіне — гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, для таго, каб ён хоць трохі мог жыць у той сыстэме сацыяльна-эканамічнай, якую мы з вамі стварылі. Усё астатняе не забараняецца — вітаецца. Тысяча, дзьве тысячы, хто колькі заробіць. мы жывём у рынкавай эканоміцы, падабаецца яна мне ці не. Мне — ня вельмі. Але, калі мы праводзім апытаньні, амаль дзьве траціны насельніцтва — рынак, рынкавая эканоміка, свабода ды іншае. Калі ласка, рынкавая эканоміка і свабода, зарабляй», — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсьліў, што лічба 500 даляраў названая не спантанна. «Мы гэта ўжо праходзілі. Больш за тое, краіна ў сьнежні мела 412 даляраў заработнай платы, засталося зусім трохі», — заявіў Лукашэнка, даўшы зразумець, што з ураду будуць звольненыя тыя, хто не падтрымлівае патрабаваньне павялічыць зарплату да 500 даляраў.
Камэнтуючы БелаПАН прычыны такога значнага падзеньня даходаў насельніцтва, кіраўнік Навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук назваў скарачэньне інвэстыцыяў, падзеньне канкурэнтаздольнасьці беларускай эканомікі і прадукцыйнасьці працы, адток прадпрымальнікаў і іх матэрыяльных актываў, працяг страт беларускіх вытворцаў на замежных рынках. «Трэба прызнаць, што ўзровень даходаў, заяўлены ўладамі, носіць хутчэй палітычны і ідэалягічны характар, але ніяк ня быў абумоўлены выразным эканамічным падмуркам. Цяпер ідзе адаптацыя таго, што мы можам зарабляць, да таго, што мы зарабляем на самай справе», — сказаў Раманчук.
Пры гэтым ён лічыць, што неаднаразовае паўтарэньне Аляксандрам Лукашэнкам задачы для ўраду ў 2017 годзе дасягнуць сярэдняга ўзроўню заробкаў у 500 долараў «зьяўляецца ўсяго толькі мантрай». «Гэтая мантра ніякага тэарэтычнага і практычнага разьліку ня мае. Гэта толькі заявы пра тое, што трэба жыць дружна, багата і з добрым здароўем», — заявіў эканаміст.