Ва Украіне пачалі крымінальную справу супраць расейскага пісьменьніка Прылепіна, які паехаў ваяваць ў «ДНР»

Захар Прылепін.

Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) пачала крымінальную справу супраць грамадзяніна Расеі, пісьменьніка Яўгена (Захара) Прылепіна.

Як паведаміла прэс-сакратарка СБУ Алена Гітлянская на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, Прылепіна інкрымінуецца ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі і фінансаваньне тэрарызму.

13 лютага стала вядома, што Прылепін стаў намесьнікам камандзіра аднаго з падразьдзяленьняў сэпаратыстаў так званай «Данецкай народнай рэспублікі». Сам Прылепін заявіў, што будзе ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях.

Ад пачатку ваенных дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны Прылепін актыўна падтрымліваў прарасейскіх сэпаратыстаў. Ад 2015 году ён зьяўляецца дарадцам кіраўніка «ДНР» Аляксандра Захарчанкі і апублікаваў пра яго кнігу.

У мінулым Прылепін быў камандзірам аддзяленьня АМАПу і ваяваў у Чачні.