У Кангрэс ЗША ўнесены законапраект, які дазволіць адміністрацыі прэзыдэнта краіны Дональда Трампа адмяніць антырасейскія санкцыі толькі з ухваленьня кангрэсмэнаў. Аўтарамі дакумэнта зьяўляюцца тры члены Палаты прадстаўнікоў ад Рэспубліканскай партыі і чацьвёра дэмакратаў. Ініцыятыва атрымала назву «Акт аб пераглядзе расейскіх санкцый».
Згодна з дакумэнтам, адміністрацыя прэзыдэнта ЗША для зьмякчэньня санкцый павінна даць Кангрэсу пацьверджаньне таго, што Масква спыніла падтрымку сэпаратыстаў ва Ўкраіне. Акрамя таго, перад магчымай адменай санкцый кангрэсмэны хочуць атрымаць доказы, што Расея «спыніла кібэратакі ў дачыненьні да ЗША». Кангрэсмэны таксама просяць даць ім права разглядаць магчымасьць зьняцьця санкцый на працягу 120 дзён.
У пачатку лютага з падобнай ініцыятывай выступілі амэрыканскія сэнатары, у тым ліку ўплывовыя рэспубліканцы Джон Макэйн і Ліндсі Грэм. Прэс-сакратар Белага Дому Шон Спайсэр падкрэсьліваў, што санкцыі ЗША супраць Расеі застануцца ў сіле да той пары, пакуль Расея не «пакіне Крым».