Чужы выбар

Карл Шульц, «Чаляднік-сталяр просіць рукі дачкі свайго майстра» (1856)

Дзед Сашка, празваны суседзямі Мудрацом, раней працаваў чыгуначнікам, але нарадзіўся філёзафам. Нядаўна ён зрабіў выснову, што ўсе беды й расчараваньні — ад скіраванасьці людзкіх глуздоў на аблудныя ідэалы.

— Героя параўноўваюць з арлом, ад якога ўсяе й карысьці, што прыгожа лётае, — дзеліцца развагамі стары з ахвочымі слухаць. — Затое раздураную шалахвостку клічуць «зязюляй». Хаця бяз гэтай птушкі аблыселі б усе лясы.

На роздум Мудраца навёў даччын прыгажун-альфонс, які спрытна ўладкаваўся на шыі новае радні.

— Выберуць блішчастую паражнечу, а потым енчаць, як мая дачка, ці тыя амэрыканцы, — злуе дзед Сашка.

Злуе, бо па сабе ведае, што найбольш енчыць даводзіцца тым, хто не выбіраў.

Мікалай Тоўсьцік

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org