Баранавіцкі сябра БНФ, прадпрымальнік Мікола Чарнавус (старэйшы) зладзіў у Маладым парку гораду пікет з караваем у руках і плякатам з запрашэньнем Аляксандра Лукашэнкі на «Марш абураных беларусаў». На плякаце актывіста было напісана «Лукашэнка! Выходзь на марш, бясьпеку гарантуем».
Мікола Чарнавус кажа, што калі і варта рабіць «круглы стол» для абмеркаваньня праблемаў, то рабіць яго трэба з народам, а Лукашэнку трэба прыйсьці на марш 17 лютага.
«Ён баіцца свайго народу, таму я паабяцаў, што бясьпека яму будзе гарантаваная. Галоўнае, няхай прыходзіць на марш і пагутарыць зь людзьмі, пабачыць, што яны сапраўды незадаволеныя дэкрэтам аб „дармаедах“,» — кажа Мікола Чарнавус.
Раней экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч заклікаў 17 лютага на вулічную акцыю «Марш абураных беларусаў», якую палітык ладзіць сумесна з Радай Беларускага нацыянальнага кангрэсу і старшынём незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам.